15 лістапада 2021 года ў НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.
У гэтым годзе на лядовы кантынент адправяцца 11 чалавек на чале з нязменным кіраўніком Антарктычных экспедыцый – Аляксеем Гайдашовым. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, ДНПА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах»), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны.
У камандзе – спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (8 чалавек), і навічкі (3 чалавекі): Аляксей Гайдашоў – начальнік экспедыцыі; Аляксей Хаткевіч – начальнік сезоннай палявой базы; Уладзімір Несцяровіч – спецыяліст, механік; Ягор Корзун – біёлаг-эколаг; Сяргей Люты – вядучы спецыяліст, загадчык вытворчасці харчавання; Ігар Аляксееў – навуковы супрацоўнік (фізіка атмасферы); Сяргей Пунінскі – урач-хірург; Аляксандр Абатурын – электрык, спецыяліст па сродках УКХ і КХ сувязі; Юрый Падшывалаў – навуковы супрацоўнік, метэаролаг; Мікалай Зінькевіч – праграміст; Артур Івашка – інжынер.
Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная работа па нарошчванні будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі (Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя») далёка ад Радзімы, а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках новай дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі.
Як паведаміў, выступаючы на мерапрыемстве, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык, асноўная мэта сёлетняй экспедыцыі – атрыманне новых значных навуковых вынікаў. «Нашымі вучонымі ўжо атрыманы важныя вынікі ў галіне даследавання Антарктычнага кантынента: адкрыццё новых для навукі відаў беспазваночных і ацэнка іх прамысловых запасаў; стварэнне эталоннай калекцыі імхоў і лішайнікаў, якая з’яўляецца навуковым аб’ектам, што складае Нацыянальны набытак Рэспублікі Беларусь; абгрунтаванне перспектыў раёна размяшчэння Беларускай антарктычнай станцыі на карысныя выкапні; стварэнне базавага апаратурнага комплексу для эксперыментальнай наземнай і спадарожнікавай сістэмы маніторынгу атмасферы і снежнай паверхні; стварэнне радыёметрычнай сістэмы, уключанай у глабальную радыёметрычную сетку AERONET. І гэта не поўны пералік дасягненняў нашых вучоных у ходзе Беларускіх антарктычных экспедыцый», – адзначыў Сяргей Чыжык. Аднак ён падкрэсліў, што падчас будучай экспедыцыі неабходна прыкласці яшчэ нямала сіл, каб вынікі даследаванняў у Антарктыцы мелі значнасць для ўсёй краіны: «Неабходная арганізацыя новых даследаванняў унікальнага біялагічнага патэнцыялу Антарктыкі для выяўлення найбольш актыўных ферментаў, якія маглі б выкарыстоўвацца з мэтай распрацоўкі новых відаў лекавых прэпаратаў шырокага кола дзеяння (проціпухлінных, супраць гіпертаніі і інш.), пошуку і вывучэння ўнікальных геалагічных аб’ектаў і карысных выкапняў, новых даных пра будову зямной кары БАС і іншых».
Начальнік 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў сваю чаргу падкрэсліў, што плануемая экспедыцыя будзе самай ёмістай па навуковых напрамках. «Акрамя шасці асноўных навуковых напрамкаў, што ўвайшлі ў праграму навуковых даследаванняў, кожны супрацоўнік мае свае навуковыя заданні», – адзначыў Аляксей Гайдашоў.
Ужо 19 лістапада 2021 года члены 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі вылецелі ў Кейптаун, адкуль пасля двухтыднёвага каранціну авіяцыйным шляхам накіруюцца да месца базіравання ў Антарктыду. Са снежня 2021 года да мая 2022 года будуць праведзены шырокія навуковыя даследаванні і асноўныя работы па ўзвядзенні другой чаргі Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя». Вяртанне плануецца ў канцы красавіка – пачатку мая 2022 года.