Як паведаміў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, у Год народнага адзінства ў інстытуце (калектывам аддзела найноўшай гісторыі Беларусі) падрыхтаваны новыя выданні, у якіх раскрываюцца асаблівасці нацыянальных формаў беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі.
Вялікае навуковае і грамадскае значэнне мае зборнік навуковых артыкулаў «Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі)», у якім аналізуюцца розныя аспекты рэвалюцыйных падзей 1917–1925 гг., станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове, уздымаюцца і раскрываюцца многія дыскусійныя пытанні гісторыі Савецкай Беларусі ў 1919–1991 гг. Большая частка гістарычных матэрыялаў уводзіцца ў навуковы зварот упершыню.
Асаблівую актуальнасць набывае зборнік навуковых артыкулаў «Назаўжды разам (да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР)». У ім не толькі змяшчаюцца новыя матэрыялы, публікацыі, навуковыя распрацоўкі па самых актуальных для беларускага народа пытаннях з гісторыі палітычных, ваенных, сацыяльна-эканамічных падзей 1919–1941 гг., але і даецца аналіз станаўлення нацыянальных дзяржаў Усходняй Еўропы, трагічных момантаў падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1918 г. і наступнай гісторыі Заходняй Беларусі, а таксама падзей восені 1939 года – акта гістарычнай справядлівасці, калі адбылося ўз’яднанне беларускага народа ў адной дзяржаве.
Абодва новыя выданні выйшлі пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені ў выдавецтве «Беларуская навука». Кнігі разлічаны на шырокую грамадскасць, гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, і, бясспрэчна, будуць садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці, фарміраванню гістарычнага светапогляду і патрыятычных пачуццяў у маладога пакалення і ўсяго грамадства нашай краіны.
Вучоныя Акадэміі навук актыўна вядуць мэтанакіраваную навукова-даследчую работу па вывучэнні гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Інстытут гісторыі НАН Беларусі з’яўляецца галаўной арганізацыяй-выканаўцам дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» на 2021–2025 гады.
Прэс-служба НАН Беларусі