Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.12.2021

У НАН распрацавалі комплекс мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці глеб

Вучоныя Акадэміі навук распрацавалі комплекс мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці глеб сельскагаспадарчых зямель Рэспублікі Беларусь і ахове іх ад дэградацыі на 2021–2025 гады. Пра гэта напярэдадні Сусветнага дня глеб (World Soil Day), які адзначаецца штогод 5 снежня, расказаў дырэктар Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Віталій Лапа.

Комплекс уключае мерапрыемствы па аптымізацыі кіслотнасці глеб ворных і лугавых зямель, вызначэнні аб’ёмаў вапнавання кіслых глеб і патрэбнасці ў вапнавых меліярантах для падтрымання аптымальнай рэакцыі глеб. Прадстаўлены такія мерапрыемствы па павышэнні запасаў арганічнага рэчыва ў глебах ворных зямель, як аптымізацыя суадносін прапашных культур і мнагалетніх траў, вызначэнне патрэбнасці ў арганічных угнаеннях для забеспячэння бездэфіцытнага балансу гумусу ў глебах. Апісаны тэхналагічныя аспекты павышэння эфектыўнасці арганічных угнаенняў. Выканана ацэнка балансу азоту, фосфару, калію, серы і вызначана патрэбнасць у мінеральных угнаеннях на 2021–2025 гг. Вылічана патрэбнасць у мікраўгнаеннях для некаранёвых падкормак сельскагаспадарчых культур і прыведзена сістэма прымянення мікраўгнаенняў у тэхналогіях іх апрацоўкі.

Сістэма мерапрыемстваў па ахове глеб ад дэградацыі ўключае рэкамендацыі па выкарыстанні зямель і структуры пасеваў на землях, у рознай ступені схільных да эрозіі глеб, апрацоўцы глеб у залежнасці ад ступені іх эрадзіравання (ступені разбурэння верхніх, найбольш урадлівых гарызонтаў глеб), асаблівасцях прымянення ўгнаенняў на эрадзіраваных глебах. Выканана ацэнка эфектыўнасці мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці глеб і ахове іх ад дэградацыі.

Як адзначыў акадэмік Віталій Лапа, у нашай краіне захаванне і павышэнне ўрадлівасці глеб адносіцца да ліку найважнейшых дзяржаўных прыярытэтаў. У рэспубліцы створана поўная інфраструктура па аграхімічным абслугоўванні сельскай гаспадаркі, у аснове якой ляжыць комплекс мерапрыемстваў па захаванні і павышэнні ўрадлівасці глеб. У павышэнні прадукцыйнасці глеб, паляпшэнні якасці прадукцыі, што вырошчваецца, важнае значэнне мае прымяненне мікраўгнаенняў – медных, борных, цынкавых і марганцавых. Вучонымі Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі распрацаваны больш за 20 новых формаў вадкіх хелатных мікраўгнаенняў (група «МікраСтым» і «МікраСіл») на аснове арганічных кіслот. Яны маюць больш мяккае дзеянне, а тэхналагічны эфект ад іх вышэйшы, чым ад хімічных соляў. Пяць хімічных прадпрыемстваў краіны па ліцэнзійных дагаворах з Інстытутам ужо ажыццяўляюць іх прамысловую вытворчасць. Па сутнасці, сёння вырашана праблема імпартазамяшчэння, паколькі беларускія прадпрыемствы могуць цалкам задаволіць патрэбнасць гаспадарак у дадзеных мікраўгнаеннях.

У выніку правільнай работы з глебамі, навукова абгрунтаванага прымянення арганічных і мінеральных угнаенняў, сістэматычнага вапнавання кіслых глеб урадлівасць нашых зямель няўхільна ўзрастае: зніжаецца кіслотнасць глеб, павялічваецца насычанасць іх фосфарам, каліем, гумусам.

Глеба – гэта адзін з нацыянальных набыткаў нашай краіны. Захаванне і павышэнне яе ўрадлівасці, ахова ад усіх відаў дэградацыі з’яўляюцца галоўнымі задачамі ў працэсе сельскагаспадарчай дзейнасці.

Сусветны дзень глеб (World Soil Day) адзначаецца штогод 5 снежня. Асноўная мэта ўвядзення гэтага свята – звярнуць увагу жыхароў усіх краін на неабходнасць захавання глебавых рэсурсаў, рацыянальнае іх выкарыстанне і недапушчэнне зніжэння патэнцыялу іх урадлівасці.