1 снежня 2021 года падчас правядзення «Тыдня дружалюбнага супрацоўніцтва Шаньдун – Віцебская вобласць» адбылася цырымонія падпісання Пагаднення паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Акадэміяй навук правінцыі Шаньдун (КНР) аб сумесным стварэнні Беларускага даследчага цэнтра Акадэміі навук правінцыі Шаньдун.
Ад НАН Беларусі ў цырымоніі прыняў удзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, ад АН правінцыі Шаньдун – Прэзідэнт Акадэміі навук правінцыі Шаньдун Ван Інлун.
Дадзенае Пагадненне было парафіравана напярэдадні Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым і Прэзідэнтам Акадэміі навук правінцыі Шаньдун Ван Інлунам.
Беларускі даследчы цэнтр Акадэміі навук правінцыі Шаньдун плануецца стварыць у будынку Інавацыйнага цэнтра ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Цэнтр будзе адбіраць сумесныя праекты ў галіне даследаванняў і распрацовак, падрыхтаваныя арганізацыямі бакоў, і праводзіць іх экспертызу, забяспечваць правядзенне паглыбленых даследаванняў і распрацовак у галіне навукі і тэхнікі, а таксама праводзіць перадачу навукова-тэхнічных дасягненняў у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У рамках работы Цэнтра беларускія і кітайскія вучоныя плануюць сумесна выконваць навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія работы, ажыццяўляць дзейнасць у якасці інкубатара для навукова-тэхнічных праектаў і падрыхтоўкі навуковых кадраў. Бакі ўпэўненыя, што стварэнне Цэнтра дазволіць ім ажыццяўляць сістэмнае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і абмен навукова-тэхнічнымі дасягненнямі для наступнай іх мадыфікацыі і трансферу. Пагадненне прадугледжвае супрацоўніцтва ў такіх галінах, як аўтаматызацыя, машынабудаванне, матэматыка, матэрыялазнаўства, біялогія, экалогія, энергія, хімія і іншыя прыродазнаўчанавуковыя напрамкі, гуманітарыстыка, а таксама кіраванне навукай і тэхналогіямі. Ключавымі для падтрымкі вызначаны лазерная фізіка, штучны інтэлект і іншыя стратэгічныя інавацыйныя напрамкі.