7 снежня 2021 года ў 10.00 у Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя «Пераўтварэнне геномаў. Х Жэбракаўскія чытанні». Форум праводзіцца ў памяць аб жыцці і дзейнасці выдатнага вучонага-генетыка, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, першага заслужанага дзеяча навукі БССР (1944), Прэзідэнта Акадэміі навук БССР (1947), доктара біялагічных навук, прафесара. У гэтым годзе спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння А. Р. Жэбрака. Мерапрыемства традыцыйна арганізуецца ў фармаце лекцый вядомых вучоных і прысвячаецца адной з важных і актуальных тэм сучаснай навукі.
«Што такое мірабіём?» Гэтаму пытанню будуць прысвечаныя дзве лекцыі вядомых вучоных: Суворава А. М., д.м.н., прафесара, члена-карэспандэнта РАН (Інстытут эксперыментальнай медыцыны, Расія) і Даніленкі В. М. (Інстытут агульнай генетыкі імя М. І. Вавілава, Расія). Мікрабіём – унікальнае згуртаванне мікраарганізмаў, якія насяляюць канкрэтнае асяроддзе: тканкі і органы жывых арганізмаў, глебу, водныя экасістэмы і г. д. Склад мікрабіёму ў значнай ступені звязаны з генетычнымі характарыстыкамі арганізма-гаспадара, можа змяняцца пад уздзеяннем харчовых кампанентаў і медыкаментаў. Мікрабіёту чалавека складаюць 100 трыльёнаў сімбіятычных мікробаў. 95% мікрабіёты знаходзіцца ў чалавека ў страўнікава-кішэчным тракце, паверхня якога роўная памеру двух тэнісных кортаў. Маса мікрабіёты можа дасягаць двух кілаграм. У целе чалавека ўласных клетак у 1,3 разы меней, чым клетак мікробаў. Лічыцца, што 90% хвароб чалавека могуць быць тым або іншым чынам звязаны са страўнікам і «здароўем мікрабіёму», таму веданне асноўных механізмаў узаемадзеяння генома чалавека і яго мікрабіёму стварае вялікі патэнцыял для распрацоўкі персаналізаваных дыет і вынаходства новых тэрапеўтычных агентаў.
У 15.00 у рамках правядзення Жэбракаўскіх чытанняў адбудзецца адкрыццё адзінага ў Беларусі «Рэспубліканскага цэнтра вывучэння мікрабіёму». Цэнтр арганізаваны ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі і ўжо задзейнічаны ў выкананні шэрага ўнікальных праектаў, напрыклад, «Роля мікрабіёму ў рэалізацыі асаблівасцей геному доўгажыхароў Беларусі». Супрацоўнікі Цэнтра былі прыцягнуты для аказання кансультацый у выпадку цяжкага працякання захворвання неўстаноўленай этыялогіі. Упершыню ў Беларусі праведзена паралельнае вывучэнне поўнага экзому пацыенткі і мірабіёму. У цяперашні час такі аналіз магчымы толькі ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Праведзенае даследаванне дазволіла скарэкціраваць хірургічнае і медыкаментознае лячэнне і дасягнуць поспеху.
Запрашаем усіх на Міжнародную канферэнцыю «Пераўтварэнне геномаў. Х Жэбракаўскія чытанні» і адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра вывучэння мікрабіёму.