Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.12.2021

Члены 14-й БАЭ прыступілі да навуковых даследаванняў

Члены 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі прыступілі да навуковых даследаванняў. У гонар адкрыцця антарктычнага сезона ўзняты Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і сцяг НАН Беларусі. Пра гэта паведаміў у Прэзідыум НАН Беларусі начальнік 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (14-я БАЭ).

«Пасля завяршэння аўральных і неадкладных работ па разгортванні праграм навуковых даследаванняў і ўвода ў эксплуатацыю асноўных аб’ектаў жыццезабеспячэння Беларускай антарктычнай станцыі “Гара Вячэрняя” на яе флагштоках 11 снежня 2021 года ў гонар адкрыцця чарговага антарктычнага сезона ўзняты Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і сцяг Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», - праінфармаваў Аляксей Гайдашоў.

15 лістапада 2021 года ў НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент адправіліся 11 чалавек. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, ДНПА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах»), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны. У камандзе - спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (8 чалавек), і навічкі (3 чалавекі). Членаў экспедыцыі са снежня 2021 года па май 2022 года чакае нялёгкая работа па нарошчванні будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі - Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках новай дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі. Вяртанне плануецца ў канцы красавіка – пачатку мая 2022 года.