Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.12.2021

ІНСТЫТУТУ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНАЙ БАТАНІКІ ІМЯ В.Ф. КУПРЭВІЧА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ – 90 ГАДОЎ

Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – найстарэйшая ў нашай краіне навукова-даследчая ўстанова біялагічнага профілю. Ён створаны пастановай Прэзідыума Беларускай акадэміі навук 29 сакавіка 1931 года на базе кафедраў батанікі, заалогіі, фізіялогіі і эксперыментальнай біялогіі. Савет Народных Камісараў БССР пастановай ад 13 мая 1931 года № 173 адобрыў рашэнне Прэзідыума Беларускай акадэміі навук аб структурнай перабудове – пераходзе ад сістэмы кафедраў да сістэмы спецыяльных інстытутаў.

Інстытут – вядучая ў краіне ўстанова, што забяспечвае стратэгію дзяржавы па праблемах узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага свету, ацэнкі яго рэсурснага патэнцыялу і дынамікі змяненняў ва ўмовах тэхнагенезу і глабальнай змены клімату.

Інстытут ажыццяўляе навуковае забеспячэнне дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне абыходжання з аб’ектамі расліннага свету, стварэння і вядзення дзяржаўнага кадастру і маніторынгу расліннага свету, ускладзеных на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце». Большая частка нарматыўнай базы краіны ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання расліннага свету распрацавана інстытутам ці пры яго непасрэдным удзеле.

Інстытут у рамках сваёй кампетэнцыі ў поўнай меры ажыццяўляе навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Мінпрыроды, Мінлясгаса, Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мінжылкамунгаса і іншых міністэрстваў і ведамстваў.

За заслугі ў развіцці біялагічнай навукі і падрыхтоўцы навуковых кадраў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 красавіка 1981 года інстытут узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 2002 года № 758 гербарый інстытута ўключаны ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб’ектаў, якія складаюць нацыянальны набытак.

Пашыранае ўрачыстае пасяджэнне вучонага савета, прысвечанага 90-годдзю Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адбудзецца 22 снежня 2021 года ў 14.00 у актавай зале інстытута па адрасе: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27, аўд. 141.

ПРАГРАМА ўрачыстага пасяджэння:
1. Адкрыццё пасяджэння і вітальныя словы ад імя кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
2. Даклад дырэктара інстытута, к.б.н. А.В. Пугачэўскага «Гісторыя, вынікі дзейнасці і перспектывы развіцця інстытута».
3. Віншаванне калектыву інстытута ад імя Прэзідыума і Аддзялення біялагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
4. Віншаванні і ўзнагароджанні супрацоўнікаў ад імя міністэрстваў, ведамстваў, устаноў і арганізацый.

Ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць павіншаваць калектыў інстытута ў фармаце анлайн (Zoom) або ў форме відэазапісу. Спасылка на Zoom-канферэнцыю будзе даслана на электронную пошту і размешчана на сайце інстытута  ў раздзеле «Навіны».

Тэгi
#юбілеі