Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.12.2021

Вучоныя НАН Беларусі – сярод пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў 2021

15 снежня 2021 года ў Мінску прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў.

У намінацыі «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект» пераможцам стала Алена Станчык, старшы навуковы супрацоўнік ДНВА «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве» з праектам «Гнуткія сонечныя элементы новага пакалення». Прызёрам у намінацыі «Лепшы інавацыйны праект» стала Вераніка Шчур, малодшы навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» з праектам «Стварэнне вытворчага ўчастка па выпуску сінтэтычнай ДНК для геннай інжынерыі і рэдагавання геномаў». Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык і Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Андрэй Іванец.

На Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў у гэтым годзе было пададзена 145 заявак, у тым ліку 54 – у намінацыі «Лепшы інавацыйны праект» і 91 – у намінацыі «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект». Найбольшая колькасць праектаў паступіла па напрамках «Інфарматыка, інфарматызацыя і касмічныя даследаванні» (26%), «Медыцынскія навукі і тэхналогіі» (18%), «Сельскагаспадарчыя навукі і тэхналогіі» (13%), «Сацыяльна-эканамічныя, гуманітарныя і грамадскія навукі» (12%) і «Прыродакарыстанне і экалогія» (10%).

Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў праводзіцца штогод Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Беларускім інавацыйным фондам пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і іншых арганізацый. Яго мэта – стварэнне комплекснай сістэмы падтрымкі інавацый у краіне і заахвочванне моладзі да інавацыйнай дзейнасці.