22 снежня 2021 года ў 11.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя рамана-эпапеі выдатнага казахскага пісьменніка, буйнейшага вучонага і грамадскага дзеяча Мухтара Амарханавіча Аўэзава (1897–1961) «Шлях Абая», шырока вядомага не толькі ў Казахстане, але і далёка за яго межамі.
«Шлях Абая» — гэта своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя жыцця казахскага народа XVIII-XIX стст. Галоўны герой эпапеі – рэальная гістарычная асоба, вялікі паэт, заснавальнік казахскай пісьмовай літаратуры, асветнік Абай Кунанбаеў. У рамане разгорнута панарама поўнага драматызму і супярэчнасцей народнага жыцця, быту і нораваў качавых і аселых стэпавікоў, яскрава паказаны шырыня і хараство вольналюбівай душы казахскага народа, яго мары аб лепшым, яго надзеі і памкненні, яго своеасаблівы духоўны ўклад, нацыянальны характар.
«Спадчына вялікіх творцаў павінна працаваць на новы час, на новыя пакаленні», – казаў у 1945 годзе Мухтар Аўэзаў падчас святкавання 100-годдзя Абая. Пісьменнік у той час закончваў першую кнігу будучай сусветна вядомай эпапеі. Мухтар Аўэзаў са сваёй творчасцю годна ўвайшоў у XXI стагоддзе: яго раман «Шлях Абая» перавыдадзены без купюр у новым тысячагоддзі ў Казахстане, зноў перекладзены на рускую мову знакамітым перакладчыкам Анатолем Кімам, які назваў эпапею «эпахальным раманам пра качавую цывілізацыю».
«Шлях Абая» стаў прычынай шырокай міжнароднай зацікаўленасці перакладчыкаў многіх краін і перакладзены на 116 моў свету. Спачатку раман быў перакладзены Леанідам Собалевым, Ганнай Нікольскай, Зояй Кедрынай і Мікалаем Анавым, а затым Кімам на рускую мову, і потым ужо на многія мовы свету, у асноўным – з рускамоўнага варыянту перакладу. Непасрэдна з мовы арыгінала тэтралогія была перакладзеная на кітайскую і шэраг цюркскіх моў.
У 2020 годзе ў 175-гадовы юбілей Абая раман прыходзіць да беларускага чытача ў перакладзе паэта, празаіка, крытыка Міхася Пазнякова. Праца па перакладзе кнігі адбывалася па замове пасольства Казахстана ў Беларусі. Усе чатыры тамы рамана-эпапеі пабачылі свет у 2021 годзе.
Да імпрэзы супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу, якая пазнаёміць з творчасцю Абая Кунанбаева і літаратурай аб знакамітым паэце і асветніке. Другая частка выставы прысвечана аўтару эпапеі «Шлях Абая» Мухтару Аўэзаву. Бібліятэка мае некалькі перавыданняў рамана, таксама можна больш падрабязна пазнаёміцца з біяграфіяй пісьменніка. На выставе будзе прадстаўлена і літаратура пра сучасны Казахстан, гісторыю, культуру казахскага народа, беларуска-казахскія адносіны.
У прэзентацыі прымуць удзел Надзвычайный і Паўнамоцны пасол Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь Аскар Асанавіч Бейсенбаеў і іншыя прадстаўнікі Амбасады, беларускія вучоныя і пісьменнікі.
Імпрэза адбудзецца па адрасе:
Мінск, вул. Сурганава, 15, ЦНБ НАН Беларусі
Запрашаем ўсіх зацікаўленых.
Уваход вольны!