Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.12.2021

НАН Беларусі падвяла вынікі выбараў новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падвяла вынікі выбараў новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў. Выбары адбыліся падчас сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 17 снежня 2021 года.

На 23 вакансіі акадэмікаў і 27 вакансій членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 30 і 57 кандыдатаў адпаведна. Самы вялікі конкурс на званне акадэміка адзначаны сярод кандыдатаў па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні» (тры чалавекі на месца). Сярод кандыдатаў на званне члена-карэспандэнта больш за ўсё прэтэндэнтаў было па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства» (дзевяць чалавек на месца).

У выніку тайнага галасавання выбраны 19 правадзеных членаў (акадэмікаў) і 16 членаў-карэспандэнтаў.

Акадэмікамі сталі аўтарытэтныя вучоныя, лідары навуковых напрамкаў: Эмілія Каламіец, дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі; Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі; Фёдар Прывалаў, генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па земляробстве; Анатолій Кулак, дырэктар Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі. Шэрагі акадэмікаў папоўнілі вядомыя вучоныя-медыкі, у ліку якіх Алег Румо, дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі; Сяргей Красны, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава; Леанід Цітоў, загадчык лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Сярод 16 выбраных членаў-карэспандэнтаў Андрэй Іванец, Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі; Сяргей Губкін, дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі; Андрэй Піліпук, дырэктар Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі; Мікалай Куляшоў, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта; Сяргей Рубніковіч, рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта; Ігар Карпаў, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

З поўным спісам новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў можна пазнаёміцца тут.

17 снежня 2021 года ў НАН Беларусі адбылася сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У яе рабоце прынялі ўдзел каля трохсот прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай, галіновай навукі, члены Прэзідыума НАН Беларусі, вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, вядучыя вучоныя краіны. У парадку дня – выбары правадзейных членаў (акадэмікаў), членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі і замежных членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.