Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.12.2021

У Акадэміі навук узнагародзілі пераможцаў конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства

22 снежня 2021 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства. Пераможцамі сталі звыш двухсот чалавек рознага ўзросту і самых розных прафесій.

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што «нацыянальная культура, родная мова – гэта фундамент існавання і далейшага развіцця самасвядомасці народа, яго ідэнтычнасці; наш народ ганарыцца сваёй багатай матэрыяльнай і духоўнай спадчынай, зберагае яе».

Гаворачы пра значэнне рэспубліканскага конкурсу, кіраўнік НАН Беларусі падкрэсліў, што ўдзел у ім аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, сацыяльнага стану і садзейнічае не толькі выхаванню пачуцця патрыятызму, але і стымулюе жаданне праявіць сябе, прадэманстраваць талент, уменні і навыкі і тым самым ухваліць народ і Айчыну.

У пачатку 2021 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’явіла Рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году народнага адзінства. Конкурс праводзіўся па 7 намінацыях: «Песні нашай зямлі», «Вершы і апавяданні пра сваю зямлю», «Краязнаўчыя сцежкі», «Мова маёй краіны (мясцовыя дыялекты, геаграфічныя назвы, асабовыя імёны)», «Выяўленчае мастацтва», «Фота- і відэавідарысы», «Творы народных майстроў».

Конкурс, накіраваны на ўмацаванне кансалідацыі беларускага грамадства і нацыянальнай еднасці, фарміраванне пачуцця гонару за гераічнае мінулае, падтрымку таленавітых творчых людзей, папулярызацыю гісторыі і культуры Беларусі, праводзіўся ўпершыню і стаў яркай падзеяй 2021 года. Да ўдзелу ў ім прымаліся творчыя работы, якія раней не падаваліся на конкурсы і не друкаваліся (выстаўляліся), напісаныя (выкананыя) грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

На конкурс было накіравана больш за 1500 твораў розных жанраў: песні, вершы, апавяданні, нарысы, даследаванні, творы выяўленчага і прыкладнога мастацтва, фота, відэа і кароткаметражныя фільмы па аўтарскіх сцэнарыях. З агульнай колькасці дасланых работ журы адабрала лепшыя ў 7 намінацыях.

Са спісам пераможцаў можна пазнаёміцца на сайце: http://imef.belcentre.by