Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.12.2021

НАН Беларусі назвала лаўрэатаў прэмій для маладых вучоных 2021 года

Прэзідыум НАН Беларусі падвёў вынікі конкурсу на саісканне прэмій для маладых вучоных 2021 года.

На падставе рашэнняў Камісіі НАН Беларусі па прэміях прысуджаны прэміі імя акадэміка Ж.І. Алфёрава для маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2021 года:

Уласенка Святлане Уладзіміраўне, навуковаму супрацоўніку ДНУ «Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдату фізіка-матэматычных навук – за цыкл прац «Аптымізацыя метадаў дыягностыкі нанаструктур на аснове інфармацыі Фішара»;

Серакуравай Аляксандры Іванаўне, старшаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве», кандыдату фізіка-матэматычных навук – за цыкл прац «Распрацоўка і сінтэз новых мультыфероідных гетэраструктур з функцыянальнымі ЗВЧ характарыстыкамі, запатрабаванымі для практычнага іх прымянення ў якасці новых элементаў кампанентнай базы магніёнікі і мікраэлектронікі».

Лаўрэатамі прэміі імя акадэміка В.Ф. Купрэвіча для маладых вучоных НАН Беларусі 2021 года сталі:

Пашкевіч Любоў Валер’еўна, навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» – за цыкл прац «Даследаванне малекулярна-мембранавых механізмаў рэакцый раслін яравога ячменю ў адказ на інфіцыраванне грыбам Bipolaris sorokiniana Shoem, апасродкаваных кароткачасовай гіпертэрміяй і экзагенным саліцылатам»;

Токальчык Юлія Паўлаўна, старшы навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат біялагічных навук – за цыкл прац «Актывацыя рэпаратыўных працэсаў у пашкоджаных участках галаўнога мозга ва ўмовах перынеўральнай імплантацыі стваловых клетак»;

Яцкіў Ганна Андрэеўна, навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» – за цыкл прац «Малекулярная зменлівасць генаў імуннага адказу пры ювенільным ідыяпатычным артрыце ў дзяцей у Рэспубліцы Беларусь».

Прэмія імя акадэміка У.М. Ігнатоўскага для маладых вучоных НАН Беларусі будзе ўручана Грыневіч Яніне Ігараўне, загадчыку сектара ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» – за цыкл прац «Песенная традыцыя беларусаў у сучасным славянскім свеце: вывучэнне, захаванне, актуалізацыя».

Прэміі для маладых вучоных НАН Беларусі заснаваны ў 2019 годзе з мэтай падтрымкі і заахвочвання таленавітых маладых вучоных, якія працуюць у арганізацыях НАН Беларусі, стымулявання іх творчай ініцыятывы, умацавання кадравага патэнцыялу, увекавечання памяці выбітных беларускіх вучоных і папулярызацыі ведаў пра гісторыю беларускай навукі.

Сістэма прэмій для маладых вучоных уключае тры імянныя прэміі:
прэмію імя акадэміка Ж.І. Алфёрава – у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук;
прэмію імя акадэміка В.Ф. Купрэвіча – у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны, аграрных навук;
прэмію імя акадэміка У.М. Ігнатоўскага – у галіне гуманітарных і сацыяльных навук.
Памер адной прэміі – 15 базавых ставак.