29 снежня 2021 года ў НАН Беларусі адбылася сустрэча лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага з вучонымі і кіраўніцтвам НАН Беларусі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Бюро Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары аддзяленняў навук, вядомыя вучоныя. Кіраўнікі навуковых акадэмічных арганізацый прадставілі вынікі даследаванняў у галіне касмічных тэхналогій, рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы ў гэтай сферы, расказалі, як ідзе работа па стварэнні новага расійска-беларускага касмічнага апарата ДЗЗ звышвысокага разрознення (РБКА) і рэалізацыі сумеснага беларуска-расійскага праекта ў галіне пілатуемай касманаўтыкі.
Як падкрэсліў лётчык-касманаўт Алег Навіцкі, Герой Расійскай Федэрацыі, «сёння я яшчэ раз атрымаў пацвярджэнне высокага патэнцыялу беларускай навукі, які неабходна выкарыстоўваць на карысць нашых дзяржаў і нашых людзей. Я, у сваю чаргу, гатовы зрабіць усё, залежнае ад мяне. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам паказаць сілу нашай сумеснай навукі ў самых прарыўных навуковых напрамках».
Са свайго боку, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, кіраўнік Агенцтва па касмічных даследаваннях акадэмік Уладзімір Гусакоў адзначыў, што сёння «касмічныя даследаванні – прыярытэт інавацыйнага развіцця Беларусі і Акадэміі навук. Мы ставім задачу актыўна развіваць гэты напрамак. Многія нашы арганізацыі цесна супрацоўнічаюць з Дзяржкарпарацыяй “Раскосмас”». Уладзімір Гусакоў выразіў надзею, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у касмічнай сферы будзе пашырацца.
За значны ўнёсак у развіццё касмічнай галіны і плённае супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук лётчыку-касманаўту Алегу Навіцкаму ўручаны медаль – нагрудны знак, адзнака імя У.М. Ігнатоўскага, першага Прэзідэнта Акадэміі навук.
Касманаўт Алег Навіцкі пазнаёміўся з экспазіцыяй Музея гісторыі НАН Беларусі і пастаяннай выставы «Дасягненні айчыннай навукі вытворчасці», пакінуў запіс у Кнізе Ганаровых гасцей.