Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.12.2021

Уладзімір Гусакоў павіншаваў вучоных НАН Беларусі з Новым 2022 годам і са святам Раства

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Становіцца гісторыяй 2021 год, надзвычай насычаны і напружаны. Свет змяніўся, ён напоўніўся новымі выклікамі для чалавецтва.

Але жыццё не спынілася. Вучоныя знаходзілі магчымасці не толькі для актыўнага супрацоўніцтва, але і для асабістых сустрэч, удзелу ў буйных міжнародных мерапрыемствах. Нацыянальная акадэмія навук стала цэнтрам важных міжнародных форумаў, якія сабралі прадстаўнікоў многіх краін: Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «30 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы», пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, ІІІ Форум вучоных дзяржаў-удзельніц СНД-2021, першы З’езд навуковых саветаў МААН і інш.

Вучоныя Акадэміі навук генерыравалі яркія ідэі і прапановы, укаранялі высокаэфектыўныя распрацоўкі, наладжвалі партнёрскія сувязі, развівалі навукаёмістыя вытворчасці. У 2021 годзе былі адкрытыя новыя лабараторыі, цэнтры вытворчасці. Адзін з іх – малочна-таварны комплекс «Усценскі», дзе ўвасоблены ў жыццё найноўшыя інавацыйныя падыходы ў жывёлагадоўлі.

У годзе, які сыходзіць, вучонымі асаблівая ўвага была нададзена дзейнасці, накіраванай на ўмацаванне народнага адзінства, фарміраванне пачуцця гонару за гераічнае мінулае нашай краіны і ўмацаванне кансалідацыі беларускага грамадства. Нездарма ў апошнія дні 2021 года ў НАН Беларусі падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства. Пераможцамі сталі больш за дзвесце чалавек рознага ўзросту і самых розных прафесій з усіх куткоў Беларусі.
Наступны год абяцае быць не менш насычаным і плённым.

Дарагія калегі!
Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста віншую ўсіх вас з Новым 2022 годам і светлым святам Раства Хрыстова! Пачатак года – час новых надзей. Якім будзе наступны год, залежыць ад кожнага з нас. Таму перш за ўсё хачу пажадаць усім вам веры ў сябе і ў свае сілы, новых здзяйсненняў і адкрыццяў, надзей. Мы іх абавязкова ўвасобім у жыццё! Няхай наступны год памножыць лік шчаслівых імгненняў, побач будуць дарагія вам людзі. Прыміце сардэчныя пажаданні здароўя, дабрабыту, шчасця і працвітання!
З Новым годам!

З павагай,

Уладзімір ГУСАКОЎ,
Старшыня Прэзідыума
Нацыянальнай акадэміі
Навук Беларусі, акадэмік