25 студзеня 2022 года (аўторак) у 10.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, аўд. 110) пачне работу Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Інстытут беларускай культуры (1922 – 1928): нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі».
Мерапрыемства прысвечана юбілею першага нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра і 100-гадоваму юбілею беларускай акадэмічнай навукі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўстановы НАН Беларусі: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
На канферэнцыі плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў і тэм: навукова-даследчая работа Інбелкульта, спецыфіка лінгвістычнага, краязнаўчага, гістарычнага, літаратуразнаўчага, мастацтвазнаўчага напрамкаў работы беларускіх вучоных у пачатку ХХ стагоддзя, традыцыі Інбелкульта і сучасная навука, невядомыя старонкі дзейнасці Інбелкульта, лёсы беларускіх вучоных і іх творчая спадчына ў сучасным кантэксце і інш.
У рабоце канферэнцыі прымуць удзел вядучыя вучоныя навуковых арганізацый НАН Беларусі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краіны.
Праграма канферэнцыі размешчана на сайце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа iml.basnet.by.