19 студзеня 2022 года на базе Талачынскага кансервавага завода, які ўваходзіць у структуру НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве, адбылося адкрыццё новага, першага ў Беларусі цэха па вытворчасці замарожанага паўфабрыкату бульбы фры.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новай прамысловай пляцоўкі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч і іншыя госці.
РУП «Талачынскі кансервавы завод» вядомае ў краіне прадпрыемства, найбуйнейшы вытворца бульбы і прадукцыі з яе, вядучы ігрок на ранку прамысловага садаводства, які займаецца перапрацоўкай сыравіны. У апошнія гады база прадпрыемства значна мадэрнізуецца і абнаўляецца.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, выступаючы на адкрыцці, падкрэсліў: «Пры ўдзеле Нацыянальнай акадэміі навук за апошнія гады ў краіне ўжо запушчана звыш 100 інавацыйных вытворчасцей. Гэта цэлы ланцужок эфектыўных і канкурэнтных прадпрыемстваў і ўнікальных тэхналогій, якія працуюць на карысць будучыні нашай роднай Беларусі». Аляксандр Субоцін адзначыў, што ўнікальная для вобласці і краіны вытворчасць – не толькі аб’ект харчовай прамысловасці: «У дадзеным выпадку можна гаварыць пра навуку, вытворчасць, сельскую гаспадарку, імпартазамяшчэнне – праект закранае ўсе названыя напрамкі. Гэта ўнікальная, экспартаарыентаваная вытворчасць. Праект, які не мае аналагаў не толькі ў краіне, але і ў блізкім замежжы. Няхай гэтая эфектыўная інавацыйная ініцыятыва стане прыкладам для астатніх».
На новым аб’екце задзейнічаны мясцовыя сыравінныя рэсурсы. Атрымалася павялічыць глыбіню перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, ёсць намер пастаўляць на айчынны рынак імпартазамяшчальную прадукцыю. Дадзены аб’ект, як адзначае дырэктар завода Анатолій Анюхоўскі, быў самым складаным за ўсе 20 гадоў яго працы ў якасці кіраўніка прадпрыемства. Аднак патрэбная для Беларусі вытворчасць дае прадпрыемству магчымасць канкурыраваць з замежнымі пастаўшчыкамі і забяспечваць унутраны рынак якасным прадуктам айчыннай вытворчасці. У год тут могуць выпускаць ад 3,5 тыс. т бульбы фры, а пры выхадзе на поўную магутнасць новай лініі гадавая прадукцыйнасць узрасце да 10 тыс. т.
Будаваць новы цэх пачалі ў чэрвені 2018 года. Сучаснае абсталяванне для аснашчэння высокапрадукцыйнага падраздзялення вытворчасці абышлося ў 4 млн еўра. Каштарысная вартасць усяго аб’екта – 18 млн 800 тыс. беларускіх рублёў. Фінансаванне будаўніцтва ішло за кошт уласных сродкаў завода, крэдыту і Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця. Тут стварылі 25 новых працоўных месцаў.
Паколькі бульба фры – прадукт з высокай прыбавачнай вартасцю, цэх можа акупіцца прыкладна за 4 гады. Плануемая рэнтабельнасць вытворчасці – не менш за 25%. Пры трохзменнай рабоце можна за год вырабляць да 10 тыс. т паўфабрыкату. Усе адходы ад чысткі і нарэзкі бульбы пойдуць на вытворчасць крухмалу ў другім заводскім цэху.