4 лютага 2022 года ў НАН Беларусі ў 15.00 пачнецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі*. У гэтым годзе свята будзе трайным.
100 гадоў таму, у студзені 1922 года, быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) – першая дзяржаўная навуковая ўстанова Беларусі ў яе найноўшай гісторыі, на базе якой была заснавана Беларуская акадэмія навук. Іменна Інбелкульт адкрыў беларусам і ўсяму свету народ з яго мовай, гісторыяй, эканомікай, краіну з яе ўнікальнай прыродай і самабытнай культурай. Таму ў Дзень беларускай навукі ў гэтым годзе мы святкуем адначасова 100-годдзе беларускай акадэмічнай навукі і юбілей Інбелкульта.
У мерапрыемстве прымуць удзел больш за 300 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, маладыя вучоныя, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Лепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды. Ад НАН Беларусі будуць узнагароджаны: лаўрэат звання «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2021», генеральны дырэктар Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Аляксандр Фёдаравіч Ільюшчанка, а таксама аўтарскія калектывы, працы якіх увайшлі ў Топ-10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2021 год.
4 лютага 2022 года з 10.00 на трох пляцоўках (адкрытая пляцоўка перад будынкам Прэзідыума, фае 1-га і 2-га паверхаў і пастаянная выстава НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» ў правым крыле першага паверха) будзе арганізавана выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Свае рэзультаты на выставе прадэманструюць арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Дзяржкамваенпрома, інавацыйныя прадпрыемствы і тэхнапаркі. Асноўная мэта маштабнай экспазіцыі – дэманстрацыя вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак беларускай навукі, эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм у сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і работы, што вядзецца па ўмацаванні сувязі навукі з вытворчасцю.
*Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 вызначана штогадовае (у апошнюю нядзелю студзеня) святкаванне Дня беларускай навукі.