Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.01.2022

27 студзеня Інстытут гісторыі праводзіць Дзень адчыненых дзвярэй

Напярэдадні Дня беларускай навукі і з нагоды 100-годдзя беларускай акадэмічнай навукі 27 студзеня 2022 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (вул. Акадэмічная, 1) пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй. Запрашаюцца аматары гісторыі і ўсе ахвотныя!

У гэты дзень Савет маладых вучоных прэзентуе прафарыентацыйны праект «Акадэмія маладых гісторыкаў». Знаёмства з Інстытутам пройдзе ў фармаце інтэрактыўнай гульні, падчас якой можна будзе даведацца шмат захапляльных фактаў пра навуковую ўстанову і жыццё гісторыкаў. Наведвальнікаў чакаюць экскурсія па археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута і лекцыя «Уводзіны ў археалогію», якія пазнаёмяць з найбольш важнымі этапамі ў развіцці айчыннай археалогіі, прыгодамі беларускіх «Індыянаў Джонсаў» і цікавымі артэфактамі, а таксама віртуальнае падарожжа па месцах Інбелкульта, падчас якога можна будзе перанесціся ў 20-я гг. мінулага стагоддзя – эпоху станаўлення беларускай навукі.

У праграме Дня адчыненых дзвярэй – майстар-клас па вырабе неалітычных гаршкоў (можна будзе дакрануцца да старажытнага рамяства і нават атрымаць невялікі сувенір як напамін пра дагістарычныя часы), а таксама экскурсія па горадзе «Адрасы Інбелкульта», падчас якой можна прайсціся па тых вуліцах і пабываць у тых месцах, дзе роўна 100 гадоў таму нараджалася першая нацыянальная шматпрофільная навуковая ўстанова, даведацца, якія сённяшнія гарадскія будынкі захоўваюць памяць пра тыя падзеі, і шмат іншага. Мерапрыемства будзе цікавым шырокаму колу наведвальнікаў.

З 17 студзеня па 11 лютага 2022 года ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускай навукі, 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі і 100-годдзю Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), НАН Беларусі праводзіць «Дні адчыненых дзвярэй». Мерапрыемствы праходзяць ва ўсіх навуковых арганізацыях Акадэміі навук. У рамках акцыі ў ахвотных ёсць унікальная магчымасць наведаць навуковыя ўстановы НАН Беларусі ў Мінску і іншых гарадах краіны.

ПРАГРАМА Дня адчыненых дзвярэй у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі:
10.00 – прэзентацыя прафарыентацыйнага праекта Савета маладых вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі «Акадэмія маладых гісторыкаў» (каб. 223)
11.00 – віртуальная экскурсія «Па месцах Інбелкульта» (каб. 223)
12.00 – экскурсія па археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі (5 паверх, музей)
12.30 – майстар-клас «Працэс узнаўлення тэхналогіі вырабу неалітычных гаршкоў» (5 паверх, музей)
14.00 – лекцыя «Уводзіны ў археалогію» (каб. 223)
15.00 – інтэрактыўная гульня «Інстытут гісторыі НАН Беларусі: захапляльныя факты» (2 паверх, хол)
19.00 – экскурсія па Мінску «Адрасы Інбелкульта» (пачатак – вул. Чалюскінцаў)