26 студзеня 2022 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускай навукі і 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі.
У якасці спікераў ад НАН Беларусі на мерапрыемстве выступілі: Уладзімір Гусакоў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік; Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэмік; Андрэй Іванец, Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, член-карэспандэнт. Яны падрабязна расказалі пра прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў, у якіх працуюць акадэмічныя вучоныя, пра гісторыю станаўлення і развіцця акадэмічнай навукі ў краіне.
Як падкрэсліў Уладзімір Гусакоў, «векавая гісторыя акадэмічнай навукі з дня рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук багатая на яркія падзеі і непарыўна звязана з рашэннем найважнейшых сацыяльна-эканамічных задач дзяржавы». Уладзімір Гусакоў назваў НАН Беларусі ўнікальнай навукова-тэхналагічнай карпарацыяй. Ён адзначыў, што сягоння НАН Беларусі налічвае 110 суб’ектаў (у тым ліку 70 навуковых арганізацый), у ёй дзейнічаюць каля 150 вытворчасцей прадукцыі 5, 6 і больш высокіх навукова-тэхналагічных укладаў у такіх навукаёмістых сферах, як машынабудаванне і біятэхналогіі, новыя матэрыялы. У выніку НАН Беларусі займае 500-ы радок сярод найбольш прасунутых навуковых арганізацый і ВНУ з больш як 7500, улічаных у сусветным рэйтынгу.
Аляксандр Каваленя падкрэсліў, што ў краіне адбываецца рэнесанс беларускай мовы і гуманітарыстыкі. У якасці пацвярджэння, што дзяржава надае вялікае значэнне захаванню беларускай мовы, культуры, гісторыі, ён прывёў той факт, што ў краіне выдадзены 37 выпускаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Таксама ў супрацоўніцтве з шэрагам ВНУ вядзецца вялікая работа па падрыхтоўцы адпаведных падручнікаў.
Андрэй Іванец, у сваю чаргу, адзначыў, што ў Беларусі вядзецца сістэмная падтрымка таленавітай моладзі, арыентаванай на навуковыя даследаванні. «Яна датычыцца ўсіх хлапцоў і дзяўчын, якія імкнуцца рэалізаваць сябе ў навуковай сферы», – падкрэсліў старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі.