Дэлегацыя НАН Беларусі на чале з Галоўным вучоным сакратаром НАН Беларусі Андрэем Іванцом прымае ўдзел у Днях беларускай навукі, якія праходзяць у рамках Сусветнай выставы «ЭКСПА-2022» з 2 па 3 лютага 2022 года ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
У праграме – прэзентацыя даследчага і інавацыйнага патэнцыялу НАН Беларусі і правядзенне перамоў з патэнцыяльнымі замежнымі партнёрамі.
Вучоныя НАН Беларусі выступаюць з навуковымі дакладамі на пасяджэннях трох секцый: «Актуальныя трэнды ў навуцы і інавацыях Беларусі», «Машынабудаванне і Прыборабудаванне», «Медыцына, фармацэўтыка, біятэхналогіі і інфармацыйныя тэхналогіі ў медыцыне». Сярод тэм навуковых паведамленняў – распрацоўкі ў галіне новых матэрыялаў і абсталявання для водаачысткі і водападрыхтоўкі, высокатэхналагічныя распрацоўкі НАН Беларусі ў галіне маніторынгу жыццёва важных функцый арганізма чалавека і прафілактыкі COVID-19. Вучоныя прадставяць новыя распрацоўкі для павышэння ўрадлівасці глеб ва ўмовах зменлівага клімату, актуальныя тэндэнцыі ў забеспячэнні харчовай бяспекі, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія выпускае НАН Беларусі, а таксама напрамкі развіцця сістэмы «Навука – тэхналогіі – інавацыі»: стратэгічныя перспектывы і актуальныя рашэнні (беларускі вопыт).
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з’яўляецца ўдзельнікам калектыўнага раздзела навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выставе «ЭКСПА-2022» у Дубаі (ААЭ), якая праходзіць у перыяд з 01 кастрычніка 2021 г. па 31 сакавіка 2022 г. Канцэпцыяй выставы прадугледжваецца дэманстрацыя найноўшых навукова-тэхнічных распрацовак пры дапамозе лічбавых сродкаў камунікацыі – электроннага каталога (інфакіёска), а таксама ў выглядзе натурных выставачных узораў. НАН Беларусі прадставіла на выставу 81 навукова-тэхнічную распрацоўку ад 15 падведамасных арганізацый, у тым ліку 2 натурныя ўзоры: беспілотны лятальны апарат «Бусел М40» (РУП «Навукова-вытворчы цэнтр многафункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі») і 4D-біяпрынтар (ДНУ «Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі»).