4 лютага 2022 года ў НАН Беларусі ў 15.00 адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай супольнасці, прысвечаны 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі і Дню беларускай навукі.
У гэты дзень з 10.00 будзе працаваць выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Свае рэзультаты на выставе пакажуць арганізацыі НАН Беларусі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.
Арганізацыі НАН Беларусі прадставяць на выставе каля 200 распрацовак і тэхналогій, усяго вучоныя і даследчыкі краіны прадэманструюць каля 400 новых інавацыйных і навуковых распрацовак. Экспанаты будуць размешчаны на трох пляцоўках (адкрытая пляцоўка перад будынкам Прэзідыума, фае 1-га і 2-га паверхаў і пастаянная выстава НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» ў правым крыле першага паверха).
Галоўная мэта маштабнай экспазіцыі – дэманстрацыя вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак беларускай навукі, эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм у сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і работы, якая вядзецца па ўмацаванні сувязі навукі з вытворчасцю.