У Пасольстве Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння медалёў «МАРШАЛ БАГРАМЯН» членам аўтарскага калектыву аб’ёмнай кнігі «Воіны-армяне ў баях за Беларусь (1941-1944 гг.)».
Сярод узнагароджаных – Аляксей Міхайлавіч Літвін, загадчык цэнтра ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», доктар гістарычных навук, прафесар. Медалі ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Размік Хумаран. У сваім прывітальным звароце ён адзначыў важнасць зробленай каласальнай работы як з пункту гледжання ўвекавечання памяці воінаў-армян, якія змагаліся і загінулі ў баях за вызваленне Беларусі, так і ў якасці даўгавечнага помніка той агульнай гісторыі, што напаўняе асаблівым зместам армяна-беларускія адносіны.
Мемарыяльнае выданне «Воіны-армяне ў баях за Беларусь (1941-1944 гг.)» змяшчае ўпершыню зведзеныя разам на аснове архіўных і іншых крыніц персаніфікаваныя дадзеныя пра воінаў-армян, што загінулі, прапалі без весткі і пахаваныя на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнікаў партызанскага руху і падпольнай барацьбы, звесткі пра ўзнагароджаных за баявыя подзвігі і заслугі. Фундаментальная праца прысвечана ўсім, хто зрабіў унёсак у Перамогу і ўмацаванне братэрскага сяброўства армянскага і беларускага народаў.