Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.02.2022

Вучоныя НАН Беларусі на Днях беларускай навукі ў Дубаі прадставілі інавацыйны патэнцыял акадэмічнай навукі

Даследчы і інавацыйны патэнцыял навуковых арганізацый НАН Беларусі прадстаўлены 2 лютага 2022 года на пасяджэнні секцыі «Актуальныя трэнды ў навуцы і інавацыях Беларусі» на Днях беларускай навукі, якія праходзяць у рамках Сусветнай выставы «ЭКСПА-2022» з 2 па 3 лютага 2022 года ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). З дакладам па дадзеным пытанні выступіў Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Іванец.

На пасяджэннях секцыі прэзентаваны і апошнія распрацоўкі беларускіх вучоных. Так, РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі» прадставіў цэлую лінейку інавацыйных прадуктаў уласнай вытворчасці, распрацаваных вучонымі: ферментаваныя кісламалочныя прадукты з павышанай біялагічнай каштоўнасцю на аснове комплексу прабіятычных мікраарганізмаў; малочныя сухія прадукты на аснове пермеату і вяршкоў з паніжанай колькасцю бялку для харчавання дзяцей з трох гадоў; малако і кісламалочныя прадукты з паніжанай колькасцю лактозы для людзей рознага ўзросту, якія прытрымліваюцца нізкалактознай дыеты (пасля прыёму розных лекавых сродкаў). Сярод навінак – сухія бактэрыяльныя закваскі для прамысловай вытворчасці рознай малочнай прадукцыі (тварог, ёгурт, смятана, сыр і інш.), сухія сумесі для прыгатавання марожанага і інш.

Пра беларускі вопыт у развіцці сістэмы «Навука – тэхналогіі – інавацыі», а таксама пра стратэгічныя перспектывы і актуальныя рашэнні расказаў Валерый Ганчароў, дырэктар ДНУ «Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі». Сяргей Лысенка, дырэктар ДНУ «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі» прадставіў новыя распрацоўкі для павышэння ўрадлівасці глеб ва ўмовах зменлівага клімату.

Дэлегацыя НАН Беларусі на чале з Галоўным вучоным сакратаром НАН Беларусі Андрэем Іванцом прымае ўдзел у Днях беларускай навукі, якія праходзяць у рамках Сусветнай выставы «ЭКСПА-2022» з 2 па 3 лютага 2022 года ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). У праграме – прэзентацыя даследчага і інавацыйнага патэнцыялу НАН Беларусі і правядзенне перамоў з патэнцыяльнымі замежнымі партнёрамі. НАН Беларусі з’яўляецца ўдзельнікам калектыўнага раздзела навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выставе «ЭКСПА-2022». Канцэпцыяй выставы прадугледжваецца дэманстрацыя найноўшых навукова-тэхнічных распрацовак пры дапамозе лічбавых сродкаў камунікацыі – электроннага каталога (інфакіёска), а таксама ў выглядзе натурных выставачных узораў. НАН Беларусі прадставіла на выставу 81 навукова-тэхнічную распрацоўку ад 15 падведамасных арганізацый, у тым ліку 2 натурныя ўзоры: беспілотны лятальны апарат «Бусел М40» (РУП «Навукова-вытворчы цэнтр многафункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі») і 4D-біяпрынтар (ДНУ «Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі»).


Тэгi
#выставы