Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.03.2022

Інстытут гісторыі і Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве

ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» 17 сакавіка 2022 г. падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве.

Найважнейшай яго мэтай у Год гістарычнай памяці і надалей з’яўляецца ўдасканальванне, развіццё і ўмацаванне супрацоўніцтва ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны, абмену інфармацыяй, арганізацыі ідэалагічнага суправаджэння патрыятычнай выхаваўчай работы па розных профілях дзейнасці арганізацый. У сумесным плане работы – арганізацыя і правядзенне навуковых даследаванняў, канферэнцый, семінараў і іншых мерапрыемстваў, кансультаванне прадстаўнікоў Ваеннай акадэміі ў Інстытуце, запрашэнне вядучых вучоных Інстытута ў Ваенную акадэмію для чытання лекцый, падрыхтоўка і публікацыя навуковых, навукова-папулярных і метадычных матэрыялаў, абмен навуковай і навукова-папулярнай літаратурай, публікацыямі, перыядычнымі выданнямі.

Пасля падпісання Мемарандума дырэктар Інстытута гісторыі В.Л. Лакіза перадаў у бібліятэку Ваеннай акадэміі некалькі выданняў вучоных, у тым ліку па гісторыі Полацка і Полацкага княства, выступіў перад курсантамі, кіраўніцтвам факультэтаў з дакладам «Роля гісторыка-культурнай спадчыны ў структуры нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь». Прадстаўнікі ваеннай установы, якія як ніхто іншы ведаюць цану міру, былі запрошаны да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе творчых работ, прысвечаным Году гістарычнай памяці, які праводзіць НАН Беларусі, а таксама ў шэрагу знакавых міжнародных канферэнцый, сярод якіх V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя маладых даследчыкаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі «ARS LONGA: навуковыя дасягненні і перспектывы», VІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы міжнародных адносін і дыпламатыі», Міжнародная канферэнцыя «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам», Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 955-годдзя горада)».