Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.03.2022

У дні канікул НАН Беларусі праводзіць Акадэмію маладых гісторыкаў

У дні вясенніх школьных канікул, з 28 сакавіка па 1 красавіка 2022 года, НАН Беларусі праводзіць Акадэмію маладых гісторыкаў.

Арганізатары мерапрыемства – Савет маладых вучоных НАН Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Першамайскі раён г. Мінска. У такім фармаце мерапрыемства праводзіцца ўпершыню і ў Год гістарычнай памяці набывае асаблівае значэнне. Мэта работы Акадэміі маладых гісторыкаў – папулярызацыя гістарычнай навукі, заахвочванне юных даследчыкаў да навуковай дзейнасці, выхаванне ў падлеткаў пачуцця гонару за гераічнае мінулае і багатую гісторыю нашай краіны.

У рамках работы Акадэміі пройдуць лекцыі супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама навукова-адукацыйныя мерапрыемствы ў навуковых і музейных комплексах НАН Беларусі. Сярод тэм лекцый для школьнікаў «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», «Старажытная гісторыя Беларусі: ад палеаліту да першых княстваў», «Беларусь: край “вольных” гарадоў і мястэчак», «Гісторыя СССР праз прызму кінастужкі». Навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў сталіцы наведаюць Музей гісторыі НАН Беларусі, пазнаёмяцца з экспазіцыяй унікальных гістарычных артэфактаў у Археалагічным музеі Інстытута гісторыі, прымуць удзел у майстар-класе праекта эксперыментальнай археалогіі «Сказ аб гліняным гаршку», а таксама ў практыкуме «Як стварыць даследчы праект па гісторыі».