Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.04.2022

Санкт-Пецярбургскі Палітэх і НАН Беларусі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

Санкт-Пецярбургскі політэхнічны ўніверсітэт Пятра Вялікага (СПбПУ) і НАН Беларусі падпісалі пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Дакумент змацавалі подпісамі рэктар СПбПУ акадэмік РАН Андрэй Рудской і першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык.

Падпісанае паміж СПбПУ і НАН Беларусі пагадненне накіравана на ўсебаковае супрацоўніцтва з мэтай рэалізацыі сумесных праграм і надання новага імпульсу ўзаемадзеянню ў галіне адукацыі і навукі. Бакі дамовіліся аб правядзенні сумесных фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па найважнейшых напрамках развіцця навукі і тэхнікі; развіцці навуковых школ; падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі; павышэнні кваліфікацыі вучоных і спецыялістаў з абодвух бакоў; рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку прасоўванні прадуктаў і паслуг.

Пасля падпісання дагавора ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва, сярод якіх – навукі аб жыцці (life-science), сучасныя тэхналогіі і перадавыя матэрыялы для машынабудавання (адзітыўныя тэхналогіі, парашковыя матэрыялы, зварка і інш.). Адзначана неабходнасць пашырэння ўзаемадзеяння не толькі ў сферы навукі, але і ў галіне адукацыі, тым больш што ўжо многа гадоў стратэгічным партнёрам Палітэха з’яўляецца Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

На сустрэчы кіраўніцтва НАН Беларусі і Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага ўніверсітэта Пятра Вялікага было адзначана, што супрацоўніцтва з Беларуссю вядзецца ўжо даўно ў галіне адзітыўных тэхналогій, парашковых матэрыялаў, зваркі. Адным з вынікаў сумеснай дзейнасці стала апублікаваная ў мінулым годзе манаграфія «Аддитивные технологии. Материалы и технологические процессы», напісаная вучонымі СПбПУ сумесна з вучонымі НАН Беларусі (Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А.У. Романа) і Балтыйскай прамысловай кампаніі.

Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык высока ацаніў супрацоўніцтва Акадэміі навук з Політэхнічным універсітэтам: «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі – структура вялікая, 110 арганізацый аб’ядноўвае, і 26 інстытутаў, што ўваходзяць у фізіка-тэхнічнае аддзяленне, ужо маюць па некалькі сумесных тэм з пецярбургскім Палітэхам. Мы вельмі цэнім нашы адносіны, а галоўнае – бачым перспектывы і тое, наколькі яны сур’ёзныя».

За выдатныя заслугі ў навуцы, плённую дзейнасць па ўмацаванні навукова-тэхнічных сувязей і асабісты ўнёсак у пашырэнне супрацоўніцтва рэктару СПбПУ Андрэю Рудскому ўручылі медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Падчас візіту беларуская дэлегацыя пазнаёмілася з навукова-даследчай інфраструктурай універсітэта. Наведванне СПбПУ адбылося ў рамках двухдзённага візіту ў Санкт-Пецярбург беларускай урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам.