Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.04.2022

Інстытут філасофіі НАН Беларусі прэзентаваў унікальнае выданне па фундаментальных каштоўнасцях традыцыйнага грамадства беларусаў

Інстытут філасофіі НАН Беларусі і кафедра філасофіі культуры факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ правялі прэзентацыю выданняў, прысвечаных гісторыі філасофскай думкі Беларусі.

Інстытут філасофіі прэзентаваў унікальнае выданне па фундаментальных каштоўнасцях традыцыйнага грамадства беларусаў пад назвай «Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца: беларуская народная філасофія» (Т.В. Валодзіна [і інш.] ; уклад. і агул. рэд.: І.М. Дубянецкая, С.І. Санько ; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т філасофіі. – Мінск : Беларуская навука, 2021. – 481 с.). У выданні ўпершыню здзейснена спроба сістэматычнай рэканструкцыі ключавых тэм, ідэй і канцэптаў традыцыйнага светапогляду беларусаў, якая ахоплівае народныя ўяўленні пра паходжанне і будову свету, чалавека, справядлівы грамадскі лад і фундаментальныя каштоўнасці традыцыйнага грамадства беларусаў. Акрамя гэтага, у ходзе прэзентацыі на інфармацыйным стэндзе была прадстаўлена экспазіцыя апошніх друкаваных навінак, што выйшлі ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі. Даследчыкі БДУ прадставілі кнігу «Анталогія філасофскай думкі Беларусі : дапаможнік. У 3 т. Т. 2, ч. 1 / склад.: А.А. Лягчылін [і інш.] ; пад рэд. А.А. Лягчыліна, А.Ю. Дудчыка. – Мінск : БДУ, 2021. – 223 с. : іл.).

У прэзентацыі, якая прайшла на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прынялі ўдзел аўтары-вучоныя і ўкладальнікі выданняў: ад Інстытута філасофіі НАН Беларусі – намеснік дырэктара па навуковай рабоце, к.ф.н., дацэнт Андрэй Юр’евіч Дудчык, старшы навуковы супрацоўнік, доктар тэалогіі Ірына Міхайлаўна Дубянецкая, загадчык аддзела філасофіі культуры, к.ф.н. Сяргей Іванавіч Санько. На прэзентацыі прысутнічалі таксама прадстаўнікі студэнцтва і зацікаўленыя ў вывучэнні інтэлектуальнай культуры Беларусі даследчыкі. Прэзентацыя праходзіла адначасова ў афлайн і анлайн фарматах, што дазволіла пашырыць аўдыторыю ва ўмовах сітуацыі з пандэміяй.