Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.04.2022

У рамках года гістарычнай памяці супрацоўнікі Інстытута філасофіі праводзяць сустрэчы з педагагічнымі калектывамі сярэдніх школ Мінска

Адбылася сустрэча загадчыка аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі, доктара філалагічных навук, прафесара Валерыя Максімовіча з педагагічнымі калектывамі сярэдніх школ №104 і №95 г. Мінска.

Выступоўца падзяліўся ўласнымі навуковымі напрацоўкамі, прэзентаваў персанальную манаграфію «Национальная художественная традиция в контексте гуманитарной безопасности Беларуси», а таксама калектыўную манаграфію «Национальная культура в контексте социокультурных трансформаций». Была звернута ўвага на тое, што гэтыя навуковыя распрацоўкі могуць актыўна выкарыстоўвацца ў вучэбна-выхаваўчай рабоце і прызначацца, апрача ўсяго, для пашырэння ведаў навучэнцаў пра класічную традыцыю як сутнасны кампанент нацыянальнай культуры.

Аўтар адзначыў важнасць выкарыстання цэнаснага падыходу ў літаратурнай адукацыі, які, на яго погляд, з’яўляецца адным з найбольш значных з пункту гледжання гуманізацыі культурна-адукацыйнай сферы. У размове асабліва падкрэслівалася, што літаратура ўяўляе істотны складнік духоўнай культуры і далучэнне да мастацтва слова становіцца важным этапам у фарміраванні сферы каштоўнасцей асобы чалавека, садзейнічаючы фарміраванню духоўна-маральных якасцей, светапоглядных уяўленняў і перакананняў маладога пакалення.