Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.04.2022

Візіт дэлегацыі АІЯД на чале з дырэктарам Рыгорам Трубнікавым

6 красавіка 2022 года адбыліся перамовы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з дырэктарам Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (г. Дубна) Рыгорам Трубнікавым. Былі разгледжаны новыя напрамкі супрацоўніцтва, перспектыўныя сумесныя праекты, а таксама праграмы абмену вучонымі для правядзення даследаванняў.

Як заявіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі і Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў павінны пашырыць навуковае супрацоўніцтва на карысць эканомік абедзвюх краін. «Навуковае супрацоўніцтва Акадэміі навук і Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў доўгатэрміновае. Шэраг акадэмічных інстытутаў актыўна працуе з вучонымі Дубны. Але ў наш няпросты час гэта супрацоўніцтва неабходна пашырыць. Мы маглі б перайсці да канкрэтных прыкладных праектаў, якія зробяць наша супрацоўніцтва яшчэ болей выніковым на карысць эканомік дзвюх краін»,  падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Кіраўнік НАН Беларусі адзначыў, што ў цяперашні час узаемадзеянне навуковых арганізацый НАН Беларусі і АІЯД вядзецца ў асноўным у галіне фундаментальных даследаванняў. З мэтай актывізацыі ўзаемавыгаднай дзейнасці Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі прапанаваў падрыхтаваць Дарожную карту супрацоўніцтва з цэлым комплексам прыкладных праектаў, па якіх сумесная работа вучоных можа быць найбольш выніковай.

У сваю чаргу, дырэктар Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў Рыгор Трубнікаў таксама выказаў упэўненасць, што сягоння вучоным дзвюх краін неабходна працаваць больш шчыльна. У прыватнасці, у рамках Міжнароднага інавацыйнага цэнтра нанатэхналогій, які дзейнічае ў Дубне. Сярод тэм перспектыўных сумесных даследаванняў, па якіх неабходна пашырыць супрацоўніцтва,  развіццё інфармацыйных тэхналогій, ядзерныя даследаванні, радыебіялогія, медыцына, бія- і нанатэхналогіі. Члены дэлегацыі Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў наведалі ДНУ «Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі», дзе падрабязна азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных, а таксама экспазіцыю пастаяннай выставы «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці».

Тэгi
#візіты