16 красавіка 2022 года кіраўніцтва і супрацоўнікі НАН Беларусі прынялі ўдзел у Рэспубліканскім суботніку.
Кіраўніцтва Акадэміі навук, прадстаўнікі апарата Прэзідыума, інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым працавалі ў Цэнтральным батанічным садзе на пасадцы квітнеючых раслін, добраўпарадкаванні тэрыторыі, на экспазіцыі «Гай народнага адзінства» і Партызанскай паляне, а таксама на сваіх працоўных месцах і ўбіралі прылеглую тэрыторыю.
Маладыя вучоныя НАН Беларусі наведалі магілу першага прэзідэнта Акадэміі навук У. М. Ігнатоўскага, навялі парадак на тэрыторыі каля помніка, ушанавалі памяць выдатнага гісторыка і арганізатара, які стаяў ля вытокаў беларускай акадэмічнай навукі.
У гэтым годзе ў ходзе Рэспубліканскага суботніка па ўсёй краіне праводзіліся работы па азеляненні, добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан аб’ектаў, тэрыторый населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Грошы, заробленыя ў дзень правядзення суботніка (а гэта больш за 10 млн руб), будуць накіраваны на аднаўленне мемарыяльнага комплексу «Хатынь».