Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.04.2022

Цэнтральнаму батанічнаму саду – 90 гадоў!

Цэнтральнаму батанічнаму саду споўнілася 90 гадоў. У сувязі з юбілеем Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў уручыў дырэктару Цэнтральнага батанічнага сада Валянціну Шатраўку віншавальны адрас ад кіраўніка дзяржавы, у якім сказана: «Сардэчна віншую з 90-годдзем з дня заснавання Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук. Сёння гэта сапраўдны брэнд, нацыянальны набытак нашай краіны. Дзякуючы захаванню традыцый, прафесіяналізму і нястомнай працы многіх пакаленняў супрацоўнікаў батанічнага сада мы круглы год любуемся і захапляемся цудоўнымі калекцыямі розных раслін. Няхай і надалей на тэрыторыі гэтага маляўнічага зялёнага аазіса сталіцы ў будні і святы адпачываюць не толькі жыхары, а і шматлікія госці Мінска».

Дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»  адна са старэйшых батанічных устаноў Беларусі. Цэнтральны батанічны сад (ЦБС) быў арганізаваны ў 1932 г. па рашэнні Савета Народных Камісараў БССР. У 1999 г. па рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь яму нададзены статус навуковага аб’екта, які складае нацыянальны набытак. ЦБС аб’яўлены батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння і гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Сягоння ён з’яўляецца ўнікальным прыродным аб’ектам садова-паркавага мастацтва, што спалучае функцыі сталічнай славутасці і найважнейшага культурна-асветніцкага, эколага-выхаваўчага і адукацыйнага цэнтра. Гэта самы вялікі ў краіне цэнтр па захаванні біяразнастайнасці жывых раслін, вядучая навуковая ўстанова ў галіне інтрадукцыі, акліматызацыі, фізіялогіі, біяхіміі, біятэхналогіі і экалогіі раслін, аховы навакольнага асяроддзя. ЦБС належыць да ліку найбуйнейшых батанічных садоў Еўропы як па плошчы (93 га), так і па складзе калекцый раслін (больш за 15 тысяч найменняў).

Тэгi
#юбілеі