Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.04.2022

У Інстытуце гісторыі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Вытокі акадэмічнай навукі (да 100-годдзя заснавання Інстытута беларускай культуры)»

19 красавіка 2022 года ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Вытокі акадэмічнай навукі (да 100-годдзя заснавання Інстытута беларускай культуры)».

З прывітальнымі словамі выступілі першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік С. А. Чыжык, які таксама зачытаў удзельнікам міжнароднага мерапрыемства прывітальны адрас ад Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка У. Р. Гусакова, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. Л. Лакіза і намеснік старшыні Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі Л. П. Собалева.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 50 прадстаўнікоў навуковых устаноў і ўстаноў вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі, у тым ліку прадстаўнікі Санкт-Пецярбургскага філіяла архіва РАН, Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі «Комі навуковы цэнтр Уральскага аддзялення РАН» (Сыктыўкар), БДУ, Акадэміі кіравання і інш.

У сваім прывітальным слове першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Антонавіч Чыжык адзначыў, што Інстытут беларускай культуры, з’яўляючыся першай нацыянальнай навуковай установай, паклаў пачатак асэнсаванню асаблівасцей гістарычнага развіцця беларускага народа, яго традыцый і духоўна-культурнай спадчыны. За кароткі тэрмін існавання Інстытута вучоныя разгарнулі шырокую навукова-пошукавую дзейнасць у галіне гісторыі, археалогіі, мовазнаўства, этнаграфіі, геалогіі, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі і інш. Важная роля ў арганізацыі дзейнасці Інстытута належала яго кіраўнікам С. М. Некрашэвічу і У. М. Ігнатоўскаму, якія здолелі прыцягнуць да плённай работы вучоных з усёй краіны. Паспяховае развіццё Інбелкульта як навукова-даследчай установы дазволіла Ураду рэспублікі паставіць пытанне аб яго рэарганізацыі ў Акадэмію навук, якая ў наш час стала генератарам новых ідэй, ведаў, тэхналогій і мадэлей развіцця, што працуюць на эканоміку і сацыяльную сферу Беларусі.

Работа канферэнцыі была арганізавана ў трох секцыях: «Гістарыяграфія, крыніцы і метадалогія вывучэння гісторыі навукі», «Гісторыя акадэмічнай навукі Беларусі і свету», «Асоба вучонага: падыходы і практыкі вывучэння».

На канферэнцыі было прадстаўлена новае калектыўнае навуковае выданне Інстытута гісторыі НАН Беларусі «Інстытут беларускай культуры: 1922–1928 гг.», пра якое расказаў загадчык Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі Д. А. Крэнт.

У рамках канферэнцыі на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі прайшоў міжнародны круглы стол «Біяграфіі вучоных у дакументах: найноўшыя выданні, прысвечаныя вучоным Інбелкульта».