Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.04.2022

Цэнтр фізічнага выхавання ІПНК запрашае на прэзентацыйны занятак па кітайскай гімнастыцы тайцзіцюань

Цэнтр фізічнага выхавання ДУА «Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі» (г. Мінск, вул. Каліноўскага, 74а) запрашае 27 красавіка ў 17.00 на прэзентацыйны занятак па кітайскай гімнастыцы тайцзіцюань.

Пры наведванні Кітая ранкам або вечарам можна ўбачыць на плошчах людзей, якія робяць плаўныя павольныя рухі – гэта, хутчэй за ўсё, заняткі тайцзіцюань.

Навучанне прадугледжвае і тэорыю, і практыку. Працэс авалодання мастацтвам тайцзіцюань уключае некалькі этапаў удасканальвання ад знешняга да ўнутранага. У аснове практык тайцзіцюань ляжыць пошук балансу. Мэта дасягаецца пры дапамозе паслядоўнага паўтарэння павольных плаўных рухаў з выкананнем усіх прынцыпаў тайцзіцюань. Адначасова з работай над удасканальваннем цела чалавек спасцігае магчымасці валодання сваімі эмоцыямі, хуткага арыентавання ў складаных сітуацыях, бо тайцзіцюань забяспечвае як фізічны, так і духоўны балансы. Заняткі дазваляюць палепшыць фізічнае і псіхічнае здароўе, павысіць разумовую актыўнасць. Групы на занятках па тайцзіцюань могуць аб’ядноўваць людзей сталага і сярэдняга ўзросту, аспірантаў і студэнтаў, калі яны жадаюць займацца аздараўленчай практыкай.

Прэзентацыйны занятак праводзіць Скарнякоў Яўген Кірылавіч, вядучы інструктар-метадыст міжнароднай школы сёння практыкуючага кітайскага майстра Вэйцзя Сяа (г. Пекін, http://tjqdao.ru/), яго вучань. Мае вышэйшую спартыўную адукацыю (спецыялізацыя – усходнія адзінаборствы), доўгі час выкладаў на кафедры фізічнай рэабілітацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Тройчы стажыраваўся ў Кітаі, сумесна з майстрам Сяа распрацаваў методыку паэтапнага выкладання тайцзіцюань.