Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.05.2022

Кіраўнікі НАН Беларусі ўсклалі кветкі да Абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы

5 мая 2022 года кіраўніцтва НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым усклала кветкі да Абеліска загінулым ваеннапалонным і грамадзянскім асобам на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснікі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук НАН Беларусі, прадстаўнікі Савета маладых вучоных НАН Беларусі.

Помнік пастаўлены ў памяць пра 30 тысяч савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў, расстраляных і закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 – 1943 гг. На мемарыяльнай пліце выбіты імёны некалькіх дзясяткаў воінаў, загінулых у раёне Уручча. Вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі прымалі непасрэдны ўдзел у рабоце па ўстанаўленні звестак пра масавыя пахаванні і загінулых герояў. «Тут знаходзяцца цэлыя могілкі бязвінных людзей. Яны паміралі ад голаду і хвароб. Тэрыторыя пахавання вельмі вялікая. Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіў тут актыўныя раскопкі. Некаторыя прозвішчы ўстаноўлены. Але іх тут – 30 тысяч чалавек. Толькі гэты факт кажа пра вялізную трагедыю, якой сталася вайна для нашай краіны і нашага народа», - заявіў Уладзімір Гусакоў.

Гэтымі майскімі днямі супрацоўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі наведваюць месцы воінскай славы і ўскладаюць кветкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, братэрскіх магіл і магіл невядомых салдат.