Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.05.2022

Адбыліся перамовы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь спадаром Саідам Яры

6 мая 2022 года адбыліся перамовы кіраўніцтва НАН Беларусі з дэлегацыяй Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь спадаром Саідам Яры. У ходзе перамоў быў абмеркаваны бягучы стан супрацоўніцтва НАН Беларусі і навуковых арганізацый Ірана, перспектыўныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння.

У ходзе сустрэчы Уладзімір Гусакоў высока ацаніў навуковы патэнцыял іранскай навукі і адзначыў, што НАН Беларусі надае асаблівае значэнне развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Іранам. «У цяперашні час паміж навуковымі інстытутамі НАН Беларусі і навуковымі арганізацыямі і ўніверсітэтамі Ірана падпісаны шэраг Дагавораў, Пагадненняў і Мемарандумаў. У прыватнасці, у рамках Дагавора аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і ісламскім універсітэтам “Азад” у аспірантурах навуковых арганізацый НАН Беларусі закончылі навучанне і абаранілі кандыдацкія дысертацыі 16 вучоных Ірана. Але гэта не адпавядае рэальным нашым магчымасцям і перспектывам супрацоўніцтва. Неабходна мець больш шырокія сувязі, каапераваць нашы сумесныя намаганні і працаваць па канкрэтных навуковых напрамках і праектах»,  падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь спадар Саід Яры адзначыў, што іранскі бок цалкам адкрыты для супрацоўніцтва з вучонымі НАН Беларусі ва ўсіх сферах.

НАН Беларусі распрацуе праект Дарожнай карты навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з навуковымі арганізацыямі Ірана. Такая дамоўленасць дасягнута ў ходзе перамоў Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь спадаром Саідам Яры. На думку бакоў, у Дарожную карту павінны ўвайсці перспектыўныя навуковыя напрамкі, што ўяўляюць узаемны інтарэс.

Падчас сустрэчы Акадэмія навук прадставіла да разгляду пакет перспектыўных напрамкаў, па якіх беларускія і іранскія вучоныя маглі б сумесна працаваць для дасягнення найбольш эфектыўных вынікаў.

Госці падрабязна пазнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных НАН Беларусі на пастаяннай выставе «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці».