16 мая 2022 года ў 9.30 у Кангрэс-холе Прэзідэнт-атэля (вул. Кірава, 18) адбудзецца XVI Мінскі міжнародны форум па цепламасаабмене, прымеркаваны да 70-годдзя Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі.
Гэта буйное міжнароднае навуковае мерапрыемства, якое раз на 4 гады арганізуе Інстытут. У гэтым годзе ў ім прымуць удзел каля 200 дакладчыкаў з Расіі, Беларусі, Казахстана, Азербайджана, Грузіі, Ізраіля і іншых краін. Правядзенне мерапрыемства будзе садзейнічаць умацаванню супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы паміж вучонымі розных краін свету.
Форум, які будзе праходзіць 16 – 19 мая, уключае пленарныя пасяджэнні, работу секцый з вусным і стэндавым прадстаўленнем дакладаў (паведамленняў), круглыя сталы, лекцыі. Тэматыка мерапрыемства шматгранная і ахоплівае актуальныя навуковыя напрамкі, такія як канвектыўна-радыяцыйны цеплаабмен, цепламасаперанос пры фазавых і хімічных ператварэннях, цепламасаперанос у энергетыцы і тэхналагічных працэсах. Будуць абмеркаваны цеплавыя і транспартныя працэсы ў сістэмах з нана- і мікраструктурамі, высокатэмпературны цепламасаперанос, плазменныя сістэмы і тэхналогіі, цепламасаперанос у сістэмах сінтэзу новых матэрыялаў, тэрмарэгуляванне аптычных і электронных сістэм, мадэляванне і кіраванне працэсамі цепламасапераносу.
Сёння Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі – самая буйная рэспубліканская навуковая ўстанова, якая займаецца распрацоўкай энергаэфектыўных і экалагічна бяспечных тэхналогій і тэхнікі, апратаў і прыбораў для энергетыкі і машынабудавання, аграпрамысловага комплексу і будаўнічай індустрыі, медыцыны, хімічнай, электроннай, радыётэхнічнай, харчовай прамысловасці, касмічнай галіны.