Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.05.2022

Выязное прэс-мерапрыемства ў Цэнтральным батанічным садзе

11 мая 2022 года адбылося выязное прэс-мерапрыемства «Новыя рэкрэацыйныя магчымасці батанічнага сада для жыхароў і гасцей сталіцы» для беларускіх СМІ з наведваннем Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі.

Пра новыя напрамкі дзейнасці ўнікальнага прыроднага аб’екта і апошнія вынікі працы вучоных расказалі дырэктар ЦБС НАН Беларусі Валянцін Шатраўка, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Іван Валадзько, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Людміла Ганчарова, кіраўнікі структурных падраздзяленняў ЦБС НАН Беларусі. Журналісты наведалі новыя знакавыя аб’екты, сярод якіх алея акадэмікаў, стаянка першабытнага чалавека, сад магнолій і інш.

Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі з’яўляецца самым вялікім у краіне цэнтрам па захаванні біяразнастайнасці жывых раслін, вядучай навуковай установай у галіне інтрадукцыі, акліматызацыі, фізіялогіі, малекулярнай біялогіі, біятэхналогіі, біяхіміі і экалогіі раслін. Даследаванні і практычная работа ў галіне інтрадукцыі раслін забяспечыла стварэнне генафонду дэкаратыўных і карысных у гаспадарцы інтрадукаваных раслін з больш як 15 тысяч найменняў, які мае статус нацыянальнага набытку Рэспублікі Беларусь.