Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.05.2022

Адбылася прэс-канферэнцыя «Навуковае суправаджэнне развіцця хімічнай галіны Рэспублікі Беларусь»

25 мая 2022 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Навуковае суправаджэнне развіцця хімічнай галіны Рэспублікі Беларусь», прымеркаваная да Дня хіміка.

У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі дырэктар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Більдзюкевіч і намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Аляксандр Рацько.

Як расказаў журналістам Аляксандр Більдзюкевіч, у рамках ужо завершаных заданняў шэрагу дзяржаўных праграм у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі пачалі асваенне новых відаў інавацыйнай прадукцыі, якая ўключае мадыфікаваныя РНК-, ДНК-вакцыны, ліпасамальныя рэагенты для трансфекцыі, сінтэтычныя накіравальныя РНК. Аляксандр Рацько, са свайго боку, паведаміў, што ў планах Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі сумесная праца з ААТ «Беларуськалій» па расшырэнні лінейкі вытворчасці комплексных угнаенняў і ўдасканальванні тэхналогіі іх атрымання.