Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.06.2022

Адбылася ўрачыстая сустрэча палярнікаў – удзельнікаў 14-й БАЭ

6 чэрвеня 2022 года ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая сустрэча палярнікаў – удзельнікаў 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

У Акадэміі навук сабраліся ўдзельнікі 14-й БАЭ, Беларускіх антарктычных экспедыцый розных гадоў, супрацоўнікі арганізацый Аддзяленняў біялагічных навук, фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі, якія ўдзельнічаюць у антарктычнай тэматыцы, кіраўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, маладыя вучоныя.

Падчас урачыстай сустрэчы Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў правёў аналогію паміж палярнай экспедыцыяй і касмічным палётам, адзначыўшы, што палярнікі працуюць у няпростых умовах і атрымліваюць значныя навуковыя вынікі. «Нашы калегі шэсць месяцаў знаходзіліся на лядовым кантыненце, працягвалі стварэнне беларускай антарктычнай станцыі і выконвалі навуковыя даследаванні па дзяржаўнай праграме. Праведзены дзясяткі даследаванняў і эксперыментаў, тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў. І вось чарговая місія экспедыцыі завершана, усе ўдзельнікі здаровыя і вярнуліся на родную зямлю»,  падсумаваў Уладзімір Гусакоў.

Начальніку 14-й БАЭ, намесніку начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Аляксею Гайдашову ўручаны нагрудны знак «Вялікі медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

На выставе «Беларусь у Антарктыцы» можна было ўбачыць унікальныя гістарычныя фотаматэрыялы аб удзеле беларускіх палярнікаў у складзе Савецкіх антарктычных экспедыцый (САЭ), Беларускіх антарктычных экспедыцый (БАЭ), фотаздымкі і макет беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя». Тэматычная экспазіцыя была прадстаўлена экспанатамі і ілюстраванымі матэрыяламі па напрамках навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў Антарктыцы беларускімі вучонымі: калекцыя прадстаўнікоў флоры і фаўны, мінералаў і горных парод, навуковае абсталяванне і прыборы, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні даследаванняў у Антарктыцы. Была арганізавана дэманстрацыя слайд-шоу з лепшымі фотаработамі супрацоўнікаў БАЭ аб Антарктыцы.