Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.06.2022

Вучоныя Беларусі і АІЯД наладзяць вытворчасць звышправодзячых рэзанатараў

6 чэрвеня 2022 года дэлегацыя НАН Беларусі на чале з Аляксандрам Шуміліным, акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі прыняла ўдзел у сумесным пасяджэнні Камісіі Парламенцкага Сходу па бюджэце і фінансах і Камісіі Парламенцкага Сходу па эканамічнай палітыцы, якое адбылося на базе Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (г. Дубна, Расійская Федэрацыя).

НАН Беларусі і Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў (г. Дубна) плануюць наладзіць вытворчасць высокатэхналагічных звышправодзячых рэзанатараў.
Пра гэта паведаміў у сваім дакладзе Аляксандр Шумілін. Ён падкрэсліў, што аб’яднанне намаганняў расійскіх універсітэтаў і навуковых цэнтраў, што маюць вялікі вопыт праектавання нармальна праводзячых і звышправодзячых паскаральных рэзанатараў, атрыманы падчас удзелу ў міжнародных праектах, і вопыту беларускіх навуковых арганізацый, што маюць тэхналогіі высокадакладнай металаапрацоўкі, вытворчасці новых матэрыялаў і радыёэлектронікі, дазволіць істотна прасунуцца на шляху стварэння вытворчасці звышправодзячых паскаральных рэзанатараў.

На думку вучоных НАН Беларусі, новая праграма Саюзнай дзяржавы «Паскаральнік-ЗПР» будзе мець вялікае значэнне для нашых краін. Звышправодзячыя рэзанатары (ЗПР) ужо выкарыстоўваюцца ў свеце ў шэрагу комплексаў і перспектыўныя для навуковых даследаванняў у самых розных галінах ад матэрыялазнаўства да астрафізікі, у медыцыне, для напрацоўкі радыеізатопаў, легіравання паўправадніковых матэрыялаў і ў іншых напрамках. У цяперашні час узаемадзеянне навуковых арганізацый НАН Беларусі і АІЯД ідзе ў асноўным у галіне фундаментальных даследаванняў. Гэтае супрацоўніцтва будзе пашырацца ў перспектыўных сумесных даследаваннях па развіцці інфармацыйных тэхналогій, радыебіялогіі, медыцыны, бія- і нанатэхналогій.