На XXVIII Міжнароднай спецыялізаванай выставе tibo-2022 арганізацыі НАН Беларусі прадстаўляюць больш за 80 распрацовак і тэхналогій.
Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі дэманструе работу цэлага шэрагу праграм, распрацаваных для сістэмы аховы здароўя: «Web-Паліклініка», «Web-Лабараторыя», «Web-Агляд». Так, напрыклад, аўтаматызаваная інфармацыйна-аналітычная сістэма (АІАС) «Web-Паліклініка» прызначана для інфармацыйнай падтрымкі эфектыўнага ажыццяўлення функцый устаноў аховы здароўя за кошт кіравання інфармацыйнымі патокамі, зборам, аналізам і апрацоўкай даных, якія атрыманы ў выніку абследаванняў і лячэння амбулаторных хворых. Мабільная праграма для планшэтаў «Web-Агляд» прызначана для інфармацыйнай падтрымкі дзейнасці ўрачоў ва ўстановах аховы здароўя стацыянарнага тыпу пры абходзе хворых у палаце (у тым ліку ў «чырвонай зоне»). Праграма дазваляе атрымліваць доступ да электроннай медыцынскай карты хворага з усімі актуальнымі дыягнастычнымі і лабараторнымі данымі.
Распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, робататэхнікі і лічбавай картаграфіі прадстаўлены самымі сучаснымі праграмнымі і праграмна-апаратнымі комплексамі для аўтаматызаванай дыягностыкі захворванняў, мадэлявання патэнцыяльных лекавых прэпаратаў, апрацоўкі статычных і дынамічных выяў, прагнознага маніторынгу надзвычайных сітуацый прыроднага характару, кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай на аснове сістэм тэхнічнага зроку і шматузроўневай сістэмай дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Асаблівай увагі заслугоўвае культурна-турыстычны блок, у рамках якога будуць прадэманстраваны мабільныя праграмы для турыстаў, праграмны комплекс візуалізацыі 3D-мадэлей архітэктурных аб’ектаў і навукова-метадычны лічбавы цэнтр спадчыны М. К. Агінскага.
Цэнтр сістэм ідэнтыфікацыі НАН Беларусі прадстаўляе лічбавую сістэму ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці тавараў у ланцугах паставак, пацвярджэння паходжання, якасці і бяспекі прадукцыі.
Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі дэманструе навукова-вучэбны электронна-аптычны комплекс для падрыхтоўкі спецыялістаў па квантавай фізіцы і квантавай інфарматыцы. Ён прызначаны для навучання студэнтаў і аспірантаў ВНУ асновам квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі, а таксама для правядзення фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў.
Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі прадстаўляе сістэму дыстанцыйнага маніторынгу і карэкцыі функцыянальных параметраў сардэчна-сасудзістай сістэмы на аснове сервакантролю вітальных функцый пацыентаў. Устройства здольнае на працягу працяглага часу (больш за трое сутак) рэгістраваць і перадаваць ЭКГ высокай распазнавальнасці ў рэжыме рэальнага часу на аддаленае працоўнае месца медыцынскага персаналу з магчымасцю зваротнай сувязі з пацыентам. Сабекошт медыцынскага ўстройства значна ніжэйшы за імпартныя аналагі дзякуючы лакалізацыі вытворчасці асобных яго кампанентаў.
XXVIII Міжнародная спецыялізаваная выстава tibo-2022 праходзіць з 6 па 10 чэрвеня ў Мінску.