Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.06.2022

НАН Беларусі прадстаўляе на «БЕЛАГРА-2022» звыш 300 распрацовак і тэхналогій

Каля 50 арганізацый НАН Беларусі прымаюць удзел у 32-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «БЕЛАГРА-2022». Усяго вучоныя і спецыялісты Акадэміі навук дэманструюць звыш 300 інавацыйных распрацовак і тэхналогій. У гэтым годзе экспазіцыя Акадэміі навук аформлена пад дэвізам «Навука для жыцця. Тэхналогіі для вытворчасці». Яна размясцілася на больш чым 660 кв. м. адкрытай і больш за 270 кв. м. закрытай выставачнай пляцоўкі.

На «БЕЛАГРА-2022» прадстаўлены цэлы шэраг апошніх распрацовак вучоных. Экспазіцыя РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» ўключае новыя машыны, абсталяванне і прыборы для тэхнічнага забеспячэння інавацыйных тэхналогій аграпрамысловага комплексу.

РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» дэманструе ў рамках выставы насенне новых гатункаў асноўных сельскагаспадарчых культур, выведзеных вучонымі-аграрыямі на базе цэнтра, з высокім патэнцыялам прадукцыйнасці і ўраджайнасці, новыя гатункі, раяніраваныя на 2022 год.

РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні» прадстаўляе шырокую лінейку інавацыйных прадуктаў харчавання для дзяцей на плодаагародніннай, мясной і малочнай асновах, кандытарскія вырабы. На стэндзе прадпрыемства для ўсіх ахвочых арганізавана правядзенне біяімпеданснага аналізу саставу цела з інтэрпрэтацыяй вынікаў даследаванняў. Правядзенне такіх даследаванняў рэкамендуецца тым, каму неабходны індывідуальны рацыён харчавання. На падставе вынікаў даследавання ўрач-дыетолаг зможа ацаніць эфектыўнасць распрацаванай дыеты. Патрэбны аналіз і людзям, якія вядуць здаровы лад жыцця і сочаць за карэкцыяй вагі за кошт правільных суадносін тлушчавай, мышачнай тканак і вадкіх асяроддзяў арганізма.

Міжнародная спецыялізаваная выстава «БЕЛАГРА-2022» праходзіць 7 – 11 чэрвеня ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Тэгi
#выставы