Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.06.2022

У Інстытуце прыродакарыстання атрыманы новыя даныя аб асаблівасцях прэсных вод астравоў у Антарктыцы

У Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі загадчыкам лабараторыі трансгранічнага забруджвання, доктарам тэхнічных навук, прафесарам Сяргеем Какарэкам атрыманы новыя даныя па выніках ландшафтна-геахімічных даследаванняў на астравах заліва Маргерыт (Заходняя Антарктыка), якія вучоны праводзіў падчас удзелу ў складзе 4-й Турэцкай Антарктычнай экспедыцыі (ТАЭ-ІV) у лютым-сакавіку 2020 года.

Вынікі даследавання макра- і мікраэлементаў у снезе і прэснаводных вадаёмах астравоў апублікаваны ў апошнім нумары навуковага часопіса Polar Science* - гэта першая публікацыя ў аўтарытэтным міжнародным выданні, прысвечаная гідрахіміі прэсных вод названых астравоў.

Даследаванні беларускага вучонага на Антарктычным паўвостраве ўключалі ў сябе апрабаванне вадаёмаў, вадацёкаў і снегу ў розных частках астравоў Дысмал і Хорсшу для вывучэння іх мікраэлементнага і ізатопнага саставу, апісання ландшафтных асаблівасцей мясцовасці, расліннасці і глеб. Асаблівая ўвага надавалася паралельнаму адбору свежага і «старога» снегу для індыкацыі значэння рэгіянальных і лакальных прыродных і антрапагенных фактараў у яго элементны і ізатопны састаў. Устаноўлена, у прыватнасці, што варыябельнасць і сярэднія канцэнтрацыі макра- і мікраэлементаў у свежым снезе значна вышэйшыя, чым у «старым». Усе тыпы водных проб маюць высокія адносныя канцэнтрацыі натрыю, што пацвярджае дамінаванне марскіх аэразоляў як крыніцы іх паступлення. Высокія каэфіцыенты абагачэння прэсных вод (EFc >100) цынкам, кадміем, селенам і сурмой сведчаць пра антрапагенны характар паступлення гэтых элементаў, у асноўным з дальнім пераносам паветраных мас.

*Kakareka, S., Kukharchyk, T., Kurman P. Trace and major elements in surface snow and fresh water bodies of the Marguerite Bay Islands, Antarctic Peninsula // Polar Science. 2022. Vol 32. 100792 https://doi.org/10.1016/j.polar.2022.100792.