Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.06.2022

Адбылося трэцяе пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па космасе СНД

У НАН Беларусі ў рэжыме відэаканферэнцыі адбылося трэцяе пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па космасе дзяржаў-удзельніц СНД.

У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Рэспублікі Арменія (у якасці назіральніка), Рэспублікі Казахстан, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан, Рэспублікі Узбекістан, Выканаўчага камітэта СНД. У склад дэлегацыі ад Рэспублікі Беларусь уваходзілі прадстаўнікі НАН Беларусі, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства юстыцыі.

Член Савета, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «Адным з прыярытэтных напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў рамках СНД было і застаецца супрацоўніцтва ў галіне мірнага асваення космасу. Сумесная дзейнасць у гэтай галіне з’яўляецца адной з найважнейшых умоў развіцця навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу дзяржаў-удзельніц СНД і заклікана стымуляваць нашу кааперацыю». Ён адзначыў, што супрацоўніцтва ў касмічнай сферы ў рамках СНД паступальна развіваецца, а складаная геапалітычная абстаноўка ў сучасным свеце, новыя выклікі патрабуюць асаблівай кансалідацыі і максімальнага выкарыстання інтэграцыйнага патэнцыялу дзяржаў-удзельніц СНД.

Старшынёй Міждзяржаўнага савета па космасе дзяржаў-удзельніц СНД выбраны генеральны дырэктар Дзяржаўнай карпарацыі па касмічнай дзейнасці «Раскосмас», спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне космасу Дзмітрый Рагозін.

На трэцім пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па космасе зацверджаны план работы савета на 2022-2023 гады, абмеркаваны актуальныя пытанні інтэграцыі наземных інфраструктур дзяржаў-удзельніц СНД, якія выкарыстоўваюць сігналы сістэмы ГЛАНАСС, стварэння шматмэтавай аэракасмічнай сістэмы прагнознага маніторынгу надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, нарматыўна-тэхнічнага забеспячэння сумесных праектаў дзяржаў-удзельніц СНД, выпрацоўкі дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД узгодненых пазіцый па пытаннях парадку дня Камітэта ААН па космасе. Разгледжаны пытанні па ўключэнні касмічных агенцтваў дзяржаў-удзельніц СНД у Міжнародную хартыю па космасе і буйных катастрофах, па стварэнні касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі сярэдняй распазнавальнасці, па праекце канцэпцыі Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД на перыяд да 2030 года.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі выкананне рашэнняў другога пасяджэння Міждзяржаўнага савета па космасе, супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў для касмічнай галіны, заканадаўчае рэгуляванне дзейнасці ў галіне ДЗЗ з космасу ў Расійскай Федэрацыі, а таксама перспектывы супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД з Еўразійскім касмічным адукацыйным цэнтрам. Прадстаўлена інфармацыя аб праекце «Сфера» і магчымасцях яго выкарыстання ў інтарэсах сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржаў-удзельніц СНД, аб рэалізацыі Дзяржкарпарацыяй «Раскосмас» праекта «Лічбавая Зямля» ў рамках расійскай нацыянальнай праграмы «Лічбавая эканоміка Расійскай Федэрацыі».

Па ўсіх пытаннях парадку дня прыняты адпаведныя рашэнні. Правядзенне чарговага пасяджэння Савета запланавана на першае паўгоддзе 2023 года ў Рэспубліцы Таджыкістан.