Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.06.2022

Заалагічная калекцыя і генетычны банк дзікай фаўны НПЦ па біярэсурсах аб’яўлены нацыянальным набыткам Беларусі

Заалагічная калекцыя і генетычны банк дзікай фаўны ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» аб’яўлены нацыянальным набыткам Беларусі. Адпаведнае рашэнне замацавана Пастановай Савета Міністраў №391 ад 15 чэрвеня 2022 года.

Заалагічная калекцыя і генетычны банк дзікай фаўны складаецца з 3 626 узораў 1098 відаў і працягвае папаўняцца (рэзерв для папаўнення – не менш за 8 000 узораў). Гэта сістэматызаваны збор эталонных для відавой ідэнтыфікацыі экзэмпляраў беспазваночных жывёл рэспублікі і рэгіёна ў цэлым і ўзораў біялагічнага матэрыялу ад розных тыповых прадстаўнікоў дзікай фаўны, сабраных з улікам іх эколага-цэнатычнай і папуляцыйна-харалагічнай значнасці. Фонд прадастаўляе таксанамічную і малекулярную інфармацыю аб біялагічнай разнастайнасці жывёльнага свету рэспублікі і значнай часткі палеаарктычнага рэгіёна, у тым ліку ўключае ў сябе ўзоры больш чым за 100-гадовы перыяд. Ні па аб’ёме, ні па таксанамічным складзе розных груп жывёл аналагічных фондаў калекцыйных жывёл і біяматэрыялу ў рэспубліцы няма.

Галоўная мэта навуковага аб’екта – ажыццяўленне функцый навуковага і даведачна-інфармацыйнага цэнтра па накапленні, захаванні і навуковым выкарыстанні біялагічнага і генетычнага матэрыялу, які характарызуе фаўністычную разнастайнасць жывёльнага свету ў межах Паўночнай Еўразіі з акцэнтам на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Крыніцамі фарміравання і папаўнення аб’екта нацыянальнага набытку з’яўляюцца навуковыя даследаванні НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, а таксама выбудаваная сістэма шырокіх сувязей з нацыянальнымі паркамі, ВНУ, музеямі, таксідэрмічнымі майстэрнямі і іншымі арганізацыямі, у тым ліку замежнымі, з прыватнымі асобамі, якія маюць дачыненне да выкарыстання рэсурсаў біяразнастайнасці.

Навуковая значнасць аб’екта заключаецца ў тым, што навуковая калекцыя змяшчае:
- інфармацыю аб біялагічнай разнастайнасці жывёльнага свету нашай краіны і значнай часткі палеаарктычнага рэгіёна за гістарычна працяглы перыяд;
- тыпавыя экзэмпляры жывёл – эталоны таксанамічнай чысціні віду;
- галатыпы і паратыпы, на аснове якіх упершыню зроблены апісанні новых таксонаў беспазваночных жывёл;
- экзэмпляры перапончатакрылых каля 30 яшчэ не апісаных, новых для навукі, відаў і родаў сусветнай фаўны;
- найбольш поўны ў рэспубліцы збор экзэмпляраў павукоў (больш за 98 % ад усіх зарэгістраваных у Беларусі відаў).

Трэба адзначыць, што, паводле звестак Global Genome Biodiversity Network, у вядучых сусветных геномных базах даных фаўна Беларусі афіцыйна прадстаўлена пакуль вельмі нязначнай колькасцю ўзораў біялагічнага матэрыялу, таму нацыянальны рэсурс НАН Беларусі патэнцыяльна будзе вельмі запатрабаваны. Асаблівую ўнікальнасць марфалагічная і генетычная інфармацыя ў выглядзе калекцыйных узораў набывае ў часавым аспекце, паколькі дазваляе ацэньваць стан біялагічнай разнастайнасці, а значыць, і ўстойлівасці відаў і папуляцый у розныя перыяды, што ў параўнанні з сучаснымі паказчыкамі дазваляе меркаваць пра тэндэнцыі развіцця (папуляцыйную дэградацыю або прагрэс) і на гэтай аснове выбудоўваць схемы захавання генафонду найбольш слабых прадстаўнікоў жывёльнага свету або кіравання папуляцыямі рэсурсных відаў.

Захаванне і падтрымліванне заакалекцыі і генбанка дзікай фаўны будзе садзейнічаць:
развіццю фундаментальных напрамкаў даследаванняў;
падрыхтоўцы нацыянальных справаздач аб захаванні біяразнастайнасці і іншых міжнародных дакументаў у сферы аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету (выкананне Нацыянальнага плана дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці ў рамках Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці, Картахенскага пратакола па біябяспецы і Нагойскага пратакола рэгулявання доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання на справядлівай і роўнай аснове выгады ад іх прымянення і іншых праграмных дакументаў);
развіццю сістэматыкі жывёл, вядзенню кадастру жывёльнага свету;
забеспячэнню Рэспублікай Беларусь высокіх пазіцый у галіне вывучэння біялагічнай разнастайнасці на міжнародным узроўні, рашэнню пытанняў распаўсюджвання інвазіўных відаў і ўзнікнення заанозных інфекцый, удзелу ў захаванні сусветных папуляцый рэдкіх відаў фаўны, падтрымліванню біяразнастайнасці ў межах вялікіх еўраазіяцкіх відавых арэалаў.