Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.06.2022

У НАН Беларусі адбылася канферэнцыя «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва як аснова развіцця ЕАЭС ва ўмовах новых эканамічных выклікаў: праблемы і шляхі іх вырашэння»

20 чэрвеня 2022 года ў НАН Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва як аснова развіцця ЕАЭС ва ўмовах новых эканамічных выклікаў: праблемы і шляхі іх вырашэння». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Еўразійская эканамічная камісія і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі навукі, адукацыі, вытворчых прадпрыемстваў і дзяржаўных ведамстваў з краін ЕАЭС. Яны абмеркавалі рашэнні прыкладных задач па зніжэнні залежнасці ад імпарту абсталявання і тэхналогій, вызначылі перспектыўныя напрамкі развіцця ўласнай прыкладной навуковай базы. У рамках канферэнцыі працавалі 4 секцыі: вытворчасць і імпартазамяшчэнне на рынку фармацэўтычнай і біялагічнай прадукцыі; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (ІКТ); развіццё машынабудавання і новых матэрыялаў; развіццё эканомікі ЕАЭС ва ўмовах структурнай і тэхналагічнай трансфармацыі. Вынікі былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў фармаце пашыранага пасяджэння прэзідыума Навукова-тэхнічнага савета пры Старшыні Калегіі ЕЭК.

Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні, сфарміраваныя па выніках канферэнцыі прапановы будуць улічаны пры падрыхтоўцы і рэалізацыі сумесных праграм і высокатэхналагічных праектаў, фарміраванні нацыянальных баз даных інфармацыі па навуцы і тэхналогіях, а таксама запатрабаваны ў працы рабочай групы высокага ўзроўню па стварэнні ўмоў для павышэння ўнутранай устойлівасці эканомікі дзяржаў ЕАЭС.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў на пленарным пасяджэнні заявіў: «Сёння ў парадку дня надзвычай важнае пытанне: прыярытэты навукова-тэхнічнага развіцця дзяржаў-членаў ЕАЭС. Па сутнасці, гэта пытанне аб вызначэнні канкрэтных напрамкаў і мер па захаванні навукова-інавацыйнай бяспекі і ўмацаванні тэхналагічнага суверэнітэту кожнай з нашых краін і інтэграцыйнага аб’яднання ў цэлым. Апераджальнаму развіццю навукі, якаснаму росту яе патэнцыялу і інструментарыю ў краінах саюза надаецца ключавое, стратэгічнае значэнне. Навука, што ідзе ў авангардзе рашэння самых складаных задач чалавецтва, першая сутыкаецца з глабальнымі пагрозамі, таму вучоным так важна працаваць на папярэджанне, зазіраць за гарызонт магчымасцей і да мінімуму скарачаць патэнцыяльныя негатыўныя эфекты».

У рамках пленарнага пасяджэння Міхаіл Мясніковіч уручыў членам НАН Беларусі Ганаровыя граматы за ўнёсак у развіццё еўразійскай інтэграцыі. Уладзімір Гусакоў, у сваю чаргу, узнагародзіў Сяргея Глазьева нагрудным знакам «Вялікі медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і павіншаваў з выбраннем замежным членам НАН Беларусі.