Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.06.2022

У НАН Беларусі падрыхтавалі ўнікальнае выданне «Гарады і вёскі Беларусі»

Вучоныя НАН Беларусі падрыхтавалі і апублікавалі 20 кніг унікальнага шматтомнага навуковага энцыклапедычнага выдання «Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя», у якім упершыню ў айчыннай навуцы адлюстраваны асноўныя звесткі аб гістарычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці ўсіх гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу, аграгарадкоў, вёсак і хутароў Рэспублікі Беларусь з часу іх заснавання і да нашых дзён. Актуальнасць выдання абумоўлена ростам цікавасці ў грамадстве да гісторыі краю, а таксама адсутнасцю звестак (або іх крайняй фрагментарнасцю) пра пераважную большасць населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь.

Выданне падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела архітэктуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі (з 2012 г. – філіял «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі) на аснове шматлікіх і разнастайных крыніц, выяўленых у гістарычных архівах і навуковых бібліятэках Мінска, Гродна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, абласных і занальных архівах РБ, комплексных даследаванняў, праведзеных падчас экспедыцый і камандзіровак (1990-я  пач. 2000-х гг.), вывучэння матэрыялаў рэспубліканскіх і мясцовых музеяў. З 2004 г. кіраўніком аўтарскага калектыву і навуковым рэдактарам выдання з’яўляецца акадэмік А. І. Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Даследаванне ахоплівае ўсю вядомую і нядаўна выяўленую інфармацыю пра населеныя пункты краіны. На аснове архіўных дакументаў (у тым ліку выданняў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага апошніх дзесяцігоддзяў) па многіх беларускіх сельскіх населеных пунктах выяўлены больш раннія даты іх першай згадкі ў пісьмовых крыніцах. Да артыкулаў па гісторыі паселішчаў дададзены матэрыялы пра рамёствы, помнікі археалогіі, гісторыі і архітэктуры; адлюстравана роля жыхароў розных абласцей Беларусі ў перамозе над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кнігі шматтомнага выдання з’яўляюцца першай спробай стварыць комплексную карціну ўзнікнення, развіцця і сучаснага стану населеных месцаў Беларусі. У навуковы абарот вернуты багаты фактычны архіўны і бібліяграфічны матэрыял.

Выкананае ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі даследаванне не мае аналагаў не толькі ў нашай краіне, але і сярод краін СНД.

Структура выдання будуецца па абласцях, раёнах і населеных пунктах у алфавітным парадку. Кожны том пачынаецца з уводзін і артыкула па гісторыі абласнога цэнтра. Праца шырока ілюстравана каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, схемамі і картамі, мае вялікае практычнае значэнне для рэспубліканскіх, абласных і мясцовых органаў кіравання, устаноў навукі, культуры, адукацыі, краязнаўцаў. Навуковае энцыклапедычнае выданне «Гарады і вёскі Беларусі» дазволіць палепшыць папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны краіны, значна пашырыць наяўную базу даных па гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Даныя па калгасным будаўніцтве, змяненні ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні раёнаў, пасялковых і сельскіх саветаў могуць выкарыстоўвацца супрацоўнікамі раённых, пасялковых і сельскіх органаў улады ў рабоце з насельніцтвам.

20 кніг унікальнага шматтомнага навуковага энцыклапедычнага выдання выйшлі ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.


Тэгi
#выданні