Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.06.2022

Археолагі Інстытута гісторыі знайшлі адбітак рыбы на неалітычным посудзе ўзростам каля 5 тысяч гадоў

Археолагі Інстытута гісторыі НАН Беларусі знайшлі фрагмент сасуда усвяцкай культуры* эпохі неаліту з адбіткам рыбы ўзростам каля 5 тысяч гадоў.

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага ў цяперашні час праводзіць раскопкі многакультурнага паселішча эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага веку Бярэшча 1 побач з в. Вераб’і (Лепельскі раён, Віцебская вобласць). Работы вядуцца сумесна з навучэнцамі школьнага лагера краязнаўчага профілю «Дубовец» ДУА «Слабадская яслі-сад-сярэдняя школа Лепельскага раёна».

Паводле інфармацыі гісторыкаў, першыя знаходкі археалагічных артэфактаў ужо ўражваюць, радуюць вучоных і школьнікаў. У культурным слоі выяўляюцца шматлікія керамічныя, крамянёвыя і каменныя прадметы матэрыяльнай культуры, а таксама цікавая астэалагічная калекцыя. Сярод знаходак выдзяляюцца каменная двухпляцоўкавая шліфавальная плітка для вырабу крамянёвых сякер, касцяны наканечнік дроціка, шэраг унікальных фрагментаў керамічнага посуду сярэдняга неаліту і бронзавага веку ўсвяцкай культуры і культуры шарападобных амфар**.

Усе знаходкі з гэтай экспедыцыі будуць рассартаваны, пашпартызаваны і накіраваны ў лабараторыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі для далейшага даследавання.

*Усвяцкая культура – археалагічная культура плямён Сярэдняга неаліту, якія ў канцы IV – сярэдзіне III тыс. да н. э. засялялі беларускае Паазер’е, паўднёвую Пскоўшчыну і паўночна-заходнюю Смаленшчыну, а таксама паўднёва-ўсходнюю Літву.

**Культура шарападобных амфар  археалагічная культура, якая існавала каля 3200 - 2800 гг. да н.э.