Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.07.2022

Пачала работу навукова-практычная канферэнцыя «Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна»

1 ліпеня 2022 года ў г. Сянно пачала работу навукова-практычная канферэнцыя «Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна».

Канферэнцыя прымеркавана да 580-годдзя першай згадкі Сянно ў пісьмовых крыніцах. Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Сенненскі раённы выканаўчы камітэт. У рабоце канферэнцыі ў вочным і завочным фарматах прымаюць удзел больш за 50 гісторыкаў, археолагаў, архівістаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, педагогаў і краязнаўцаў з Гродна, Гомеля, Віцебска, Лёзна, Мінска, Оршы, Полацка і Сянно.

У самым пачатку канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся старшыня Сенненскага райвыканкама Ігар Мароз, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, ураджэнец Сянно, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Генадзь Давыдзька, ураджэнец Багушэўска, дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі Анатоль Лазарэвіч.

Дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза ўручыў падзякі ад сваёй установы дырэктару Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Іве Шубко, вядучаму архівісту Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Антону Юпатаву і сенненскаму краязнаўцу Васілю Бандарэвічу. Акрамя гэтага Вадзім Лакіза і Анатоль Лазарэвіч перадалі ў фонды Сенненскай цэнтральнай раённай бібліятэкі кніжныя выданні, падрыхтаваныя супрацоўнікамі інстытутаў.

Пленарнае пасяджэнне адкрыў Вадзім Лакіза, які ў сваім дакладзе асвятліў унёсак вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў вывучэнне, захаванне, папулярызацыю гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны Беларусі. З дакладам аб гісторыі і перспектывах даследаванняў першабытных тарфяных паселішчаў на поўначы Сенненшчыны выступіў загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі. Загадчык аддзела навукова-інфармацыйнай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, ураджэнец Сянно Аляксандр Бараноўскі ў сваім выступленні прывёў пераканаўчыя аргументы, якія сведчаць пра тое, што іменна 1902 год належыць прымаць за дату заснавання Багушэўска. Пленарнае пасяджэнне завяршыў сваім выступленнем загадчык цэнтра гісторыі Беларусі канца XVIII – XXI ст. Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, дацэнт Мікалай Смяховіч з дакладам аб дзейнасці Пятра Міронавіча Машэрава па ўмацаванні нацыянальнай дзяржаўнасці (1966–1980 гг.).

Работа навуковага форуму працягвалася ў рамках трох секцый: «Сенненскі край ад старажытнасці да 1917 г.», «Сенненскі край у 1918 – 1945 гг.», «Сенненскі край з 1945 г. да цяперашняга часу».