16 – 24 ліпеня 2022 года дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» праводзіць Маладзёжную летнюю школу па лясной фітацэналогіі «SYLVAN-2022» на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» на базе эколага-асветніцкага цэнтра ў в. Войтаў Мост.
Мэта правядзення летняй школы – азнаямленне студэнтаў і магістрантаў біялагічных і лесагаспадарчых спецыяльнасцей з рознымі метадамі даследавання лясных экасістэм, абмен вопытам вядучых спецыялістаў у галіне лясной фітацэналогіі і дэндрахраналогіі з маладымі вучонымі, пашырэнне сувязей паміж Нацыянальнай акадэміяй навук і ВНУ Беларусі.
Праграма летняй школы прадугледжвае правядзенне ўдзельнікамі палявых і камеральных даследаванняў пад кіраўніцтвам спецыялістаў, прадстаўленне вынікаў даследаванняў і дакладаў вядучых вучоных па наступных напрамках:
- даследаванне лясных фітацэнозаў на пастаянных пробных пляцоўках;
- дэндрахраналогія;
- геабатанічнае апісанне лясных фітацэнозаў маршрутным метадам;
- жывая і мёртвая драўніна ў лесе;
- лясное глебазнаўства.
Вынікамі работы летняй школы павінны стаць:
- павышэнне матывацыі студэнтаў і магістрантаў да навуковай дзейнасці;
- абмен вопытам вядучых вучоных у галіне лясной фітацэналогіі і дэндрахраналогіі з маладымі спецыялістамі;
- развіццё сувязей паміж навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі ў галіне біялогіі і лясной гаспадаркі.
Для ўдзелу ў рабоце семінара зарэгістраваліся 18 чалавек з 7 навукова-даследчых устаноў і ВНУ Беларусі.
Месца правядзення: НП «Белавежская пушча» (в. Войтаў Мост, Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць, Рэспубліка Беларусь).